БЧ аднаўляе спалучэнне з Масквой і Санкт-Пецярбургам



Беларуская чыгунка ва ўзаемадзеянні з ААТ „Расейскія чыгункі” аднаўляе штодзённае спалучэнне з Масквой і Санкт-Пецярбургам, паведаміла прэс-служба Беларускай чыгункі.

Так, 13 красавіка пачне штодня курсаваць фірмовы хуткі цягнік „Беларусь” № 2/1 Менск — Масква фармавання Беларускай чыгункі.

Таксама 13 красавіка адновіць рух цягнік № 52/51 Берасце/Менск — Санкт-Пецярбург фармавання Беларускай чыгункі. Ён будзе адпраўляцца з Берасця ў 14.30 (з Менска ў 18.44) і прыбываць у Санкт-Пецярбург у 7.55. З Санкт-Пецярбурга цягнік будзе адпраўляцца ў 18.23 і прыбываць у Менск у 7.15, у Берасце — у 11.56. Цягнік штодзённы.

Акрамя гэтага, 13 красавіка адновіцца рух цягніка № 4/3 Масква — Берасце фармавання Беларускай чыгункі (адпраўленне з Брэста ў 17.37, прыбыццё ў Маскву ў 6.53). З Масквы цягнік будзе адпраўляцца ў 22.17, прыбываць у Берасце — у 10.31. Састаў будзе курсаваць праз дзень.

27 красавіка пачне курсаваць цягнік № 302/301 Менск/Гомель — Адлер. У першы рэйс ён адправіцца з Менска ў 12.20 (з Гомеля ў 17.40) 27 красавіка і прыбудзе ў Адлер 29 красавіка ў 12.32. З Адлера цягнік адправіцца 29 красавіка ў 16.08 і прыбудзе 1 траўня ў Гомель у 12.30, а ў Менск — у 17.09. На першапачатковым этапе рух цягніка будзе арганізавана адзін раз на чацвёра сутак.

У Беларускай чыгунцы звяртаюць увагу, што праезд названымі цягнікамі прадугледжаны толькі для грамадзян Беларусі і Расеі.

Як паведамлялася, рашэннем урада Расеі 8 лютага былі адноўленыя міжнародныя пасажырскія зносіны паміж Беларуссю і Расеяй. На першапачатковым этапе было арганізаванае курсаванне цягніка № 2/1 Менск — Масква фармавання Беларускай чыгункі адпраўленнем з Менска па цотных, а з Масквы — па няцотных днях.

Чыгуначныя пасажырскія зносіны паміж Беларуссю і Расеяй былі прыпыненыя 5 красавіка 2020 года на падставе рашэння Расспажыўнагляду. Абмежаванні былі ўведзеныя на фоне распаўсюджвання каронавіруса.

belapan.by