БЧ уводзіць новыя правілы куплі квіткоў анлайн



Квіткі на цягнікі ў Беларусі з 15 чэрвеня трэба купляць анлайн паводле новых правілаў, паведамілі ў прэс-службе Беларускай чыгункі.

„З улікам пашырэння магчымасці выкарыстання сучасных інтэрнэт-сэрвісаў па рэалізацыі электронных білетаў на Беларускай чыгунцы з 15 чэрвеня 2020 года інтэрнэт-рэсурс poezd.rw.by спыняе сваю працу”, — растлумачылі ў БЧ.

Пасля 15 чэрвеня квіткі на цягнік можна набыць на сайце pass.rw.by праз раздзел „Паслугі пасажырам” ці ж у мабільным дадатку „БЧ. Мой поезд”. Дадатак можна бясплатна спампаваць для Android і iOS.

„На афіцыйным інтэрнэт-сайце Беларускай чыгункі за 5 месяцаў 2020 года аформлена каля 351 тысячы праязных дакументаў, а таксама ў мабільным дадатку „БЧ. Мой поезд” набыта амаль 179 тысяч білетаў на цягнікі з нумараванымі месцамі”, — паведамілі ў прэс-службе.

З укараненнем Беларускай чыгункай новых рэсурсаў па продажы праязных дакументаў у пасажыраў з’явілася магчымасць набываць электронныя квіткі на цягнікі рэгіянальных ліній эканамкласа і гарадскіх ліній (з ненумараванымі месцамі), растлумачылі ў БЧ. За 5 месяцаў гэтага года праз інтэрнэт на гэтыя цягнікі рэалізавана больш за 152 тысячы электронных білетаў.

interfax.by