Бел-чырвона-белы сцяг на праспекце Шэратон
Праспект Шэратон у егіпецкім курортным горадзе Хургада – гэта такі сабе аналаг менскага праспекта, ці кіеўскага Хрэшчатыка, ці варшаўскага Новага Святу. Па Шэратоне шпацыруюць, там вячэраюць, весяляцца, адпачываюць і, натуральна, гандлююць.
Гандлююць у гэтым каралеўстве турыстычнага шырспажыву ўсім: сувенірнымі папірусамі кітайскай вытворчасці, падробнымі стараегіпецкімі артэфактамі, цішоткамі з пірамідамі і верблюдамі, якія аблазяць пасля першага ж мыцця, і нават гашышам з марыхуанай. Нявіннае пытанне вулічнага гандляра “What is your country?” і адказ на пытанне можа скончыцца тым, што вас учарэпяцца мёртвай хваткай, зацягнуць у лаўку і адпусцяць толькі пасля таго, як вы набудзеце які-небудзь дурацкі магніцік. Менавіта таму ніякіх размоваў з шэратонскімі гандлярамі лепш не распачынаць, а на прапанову набыць наркотык правільна рэагаваць прыблізна так: “Sorry, i’m not interested you hashish. I’m chronic alcoholic!..” Егіпецкага наркадылера такое прызнанне звычайна дэзавуюе, і пакуль ён адбудоўвае ў галаве пераканаўчую фразу пра шкоду алкаголю і карысць марыхуаны, вы маеце час уцячы.
Да нядаўняга часу большасць турыстаў у Хургадзе была з Расеі, і таму шэратонскія маркетолагі навывешвалі процьму шыльдаў з матрошкамі, пельменямі, казакамі і нават “зялёнымі чалавечкамі”.
Расейцы ў Егіпет больш не ездзяць праз забарону туды на палёты расейскім авіякампаніям. Русатурыстаў у Хургадзе больш няма, а вось навязлівыя шыльды з калінкамі-малінкамі засталіся. Яны неверагодна муляць вока і міжволі правакуюць на русафобскія настроі.
Але ж Шэратону можна дараваць і навязлівых гандляроў, і прыставучых наркадылераў, і нават нахабных вулічных хлопчыкаў, якія з невядомых прычынаў могуць бегчы за вамі метраў дваццаць з крыкамі “рус!.. водка!.. Пуцін!..”
У самым пачатку праспекта ўзвашаецца мадэрновы гандлёвы цэнтр, на шыльдзе якога сярод выяваў брытанскага, шведскага, нідэрландскага і аргенцінскага сцягоў ёсць і беларускі. Натуральна, не “заход над балотам”, а такі, які і мае быць.
Хто намаляваў там наш сцяг і чаму змясціў яго ў самым цэнтры – невядома. Але ж выява гэтая адразу спараджае думкі, што і сярод егіпецкай зямлі ёсць нейкія таемныя сябры Беларусі.
[Not a valid template]Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара