Беларусь адмяняе ўсе кавідныя абмежаванні для іншаземцаў



Прэм’ер Беларусі падпісаў пастанову пра адмену каронавірусных абмежаванняў на ўезд у Беларусь для іншаземцаў.

Афіцыйна апублікаваныя адпаведная пастанова Савета міністраў. Раней іншаземцы, старэйшыя за шэсць гадоў, калі яны не мелі віду на жыхарства ў Беларусі, павінны былі пры ўездзе ў краіну паказаць негатыўны вынік ПЦР-тэсту на каронавірус, або сертыфікат пра вакцынацыю супраць кавіду.

Выключэнні рабіліся для дыпламатаў, прафесійных кіроўцаў і некаторых іншых катэгорый грамадзян.

З 28 траўня ніякія дакументы, звязаныя з каронавірусам, на граніцы не патрабуюцца. Іншаземныя грамадзяне могуць свабодна ўязджаць у Беларусь у рамках звычайных правіл.