Беларусь разгледзіць магчымасць новых прамых авіярэйсаў у Кітай
Урад Беларусі разгледзіць магчымасць павелічэння колькасці прамых авіярэйсаў у Кітай. Аб гэтым заявіў у Пекіне намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл Партной, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на „Сіньхуа”.
Міхаіл Партной адзначыў, што для большага прыцягнення кітайскіх турыстаў урад Беларусі разгледзіць магчымасць прыняцця такіх мер, як рэалізацыя палітыкі бязвізавага рэжыму і павелічэнне колькасці прамых авіярэйсаў (цяпер ёсць рэйс Пекін-Менск-Будапешт-Пекін. – Заўвага БЕЛТА). Добрыя магчымасці для павелічэння турыстычнага патоку стварае правядзенне ў Кітаі ў 2018-м Года турызму Беларусі. Урачыстая цырымонія адкрыцця Года турызму Беларусі ў Кітаі адбылася 10 студзеня ў кітайскім горадзе Чунцыне.
Намеснік міністра таксама расказаў у кітайскай сталіцы аб турыстычных магчымасцях Беларусі. Ён адзначыў, што разгортванне супрацоўніцтва з Кітаем у сферы турызму з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў палітыкі краіны.