Беларусь за 8 месяцаў павялічыла экспарт турыстычных паслуг амаль на 14%
За студзень-жнівень 2019 года экспарт турыстычных паслуг у Беларусі склаў 170,9 млн долараў, што на 13,7% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, паведаміў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Валерый Парашчанка.
Да канца гэтага года прагназуецца перавыканаць план па экспарце турпаслуг у 240 млн долараў. „Разлічваем зарабіць каля 250 млн долараў, можа, крыху больш”, — адзначыў Парашчанка.
Перш за ўсё, такія вынікі дае штогадовы рост патоку бязвізавых турыстаў у Беларусь, а таксама дыверсіфікацыя рынкаў, канстатаваў ён. У пяцёрцы лідараў па наведванні Беларусі праз Нацыянальны аэрапорт Мінск знаходзяцца краіны Еўразвяза. „Так, з 12 лютага 2017 года па 3 кастрычніка 2019 года да нас з Германіі прыбыло 51.500 турыстаў, з Італіі — 26.200 турыстаў, з Польшчы — 25.500, ЗША — 23.000, Вялікабрытаніі — 20.800 турыстаў”, — сказаў Парашчанка.
На думку кіраўніка Нацыянальнага агенцтва па турызме, акрамя бязвіза павелічэнню турыстычнага патоку можа паспрыяць патанненне кошту авіяпералётаў. „Вельмі моцна на паток уязнога турызму можа паўплываць палітыка адкрытага неба, — сказаў ён. — Тут патэнцыял вельмі вялікі. Напрыклад, мы заключаем дамову з нейкім лаўкостам, і ён можа лятаць да нас не толькі са сваёй краіны, але і з іншых. Тады бізнес-мадэль працуе, яна рэнтабельная, а кампанія можа прадаваць турыстам танныя квіткі. Прыкладам тут можа стаць Рыга. Сюды прылятае вельмі шмат турыстаў з розных краін, вялікім попытам карыстаюцца туры выхаднога дня. Гэта станоўча адбіваецца на інвестыцыйным клімаце і развіцці малога і сярэдняга бізнесу”.
belapan.by