Беларус загінуў у Славакіі, сутыкнуўшыся з лыжнікам



16 студзеня ў Славакіі на лыжным курорце „Ясна” загінуў 28-гадовы лыжнік з Беларусі, паведамляе горнаратавальная служба Славакіі.

Ратавальнікаў выклікалі на месца сутыкнення двух лыжнікаў. Адзін з удзельнікаў інцыдэнту ад сутыкнення страціў прытомнасць. Ён ляжаў без прыкметаў жыцця. Ратавальнікі правялі сардэчна-лёгачную рэанімацыю. Потым да іх далучыўся доктар, якога даставілі з аэрапорта горада Попрад. Аднак выратаваць жыццё беларускаму лыжніку яны не змаглі.

Другі лыжнік — 38-гадовы жыхар Славакіі. Яго даставілі ў лякарню з траўмай галавы і грудной клеткі.

Прычыну здарэння высвятляюць паліцыя і ратавальнікі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: eurokurort.by