Беларусь зняла памежны кантроль на мяжы з Расейскай Федэрацыяй



На беларуска-расейскай мяжы прыбралі памежны кантроль. На гэта звярнулі ўвагу ўдзельнікі чатаў, дзе абмяркоўваецца перасячэнне мяжы, паведамляе „Люстэрка”.

Увечары 18 ліпеня ў чаце «Мяжа РФ — РБ» з’явіліся паведамленні аб тым, што з боку Беларусі зніклі памежныя пункты. Дакладны час, калі іх прыбралі, невядомы. Удзельнікі чата паведамляюць, што ў панядзелак, 17 ліпеня, яны былі, а ўжо ў аўторак увечары — зніклі.

Пра адсутнасць кантролю гавораць і тыя, хто перасякаў расейска-беларускую мяжу па трасе М-1 каля вёскі Красная Горка і вёскі Рудня (абедзве знаходзяцца ў Смаленскай вобласці Расеі).

Таксама няма дадатковага кантролю і каля аграгарадка Ляды (Дубровенскі раён) і каля вёскі Езярышча (Гарадоцкі раён).

Журналістцы „Люстэрку”, якая датэлефанавалася на гарачую лінію Дзяржпамежкамітэта, пацвердзілі, што памежны кантроль зняты.

«На сёньняшні дзень пакуль знялі. А заўтра, можа, паставяць», – сказалі ў ДПК.

На пытанне, чаму кантроль прыбралі, у ведамстве адказалі: «Усё ў нас залежыць ад распараджэння ўрада Рэспублікі Беларусь. Будзе распараджэнне – будзем неяк вырашаць, што нам рабіць. Мы не самі прымаем рашэнне. Ёсць у нас прэзідэнт, урад, і яны прымаюць рашэнне».

Памежны кантроль на ўезд з Расеі ў Беларусь увялі ў пачатку траўня.