Беларуская чыгунка аднаўляе рух цягніка Полацк — Масква



10 чэрвеня аднаўляецца рух цягніка № 39/40 Полацк — Масква фармавання Беларускай чыгункі, паведаміла прэс-служба магістралі.

„Беларуская чыгунка ва ўзаемадзеянні з ААТ „РЖД” і згодна з рашэннямі аператыўнага штаба па папярэджанні завозу і распаўсюджвання новай каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі працягвае паэтапнае аднаўленне міжнародных пасажырскіх зносін паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй”, — адзначыла прэс-служба.

Цягнік адправіцца з Полацка ў 18.30 і прыбудзе ў Маскву ў 5.43. З Масквы састаў будзе адпраўляцца з 11 чэрвеня ў 23.37 і прыбываць у Полацк у 10.30. Курсаваць будзе штодня.

Цягнік № 302/301 Мінск/Гомель — Адлер фармавання Беларускай чыгункі на летні перыяд, з 11 чэрвеня па 11 верасня, павялічвае перыядычнасць руху. Цягнік адпраўленнем з Менска з 11 чэрвеня, а з Адлера — з 13 чэрвеня будзе хадзіць праз дзень.

Прэс-служба Беларускай чыгункі звяртае ўвагу, што праезд названымі цягнікамі прадугледжаны толькі для грамадзян Беларусі і Расеі.

Пасажыры, якія едуць за мяжу чыгуначным транспартам, абавязаныя мець медыцынскія дакументы, што пацвярджаюць адмоўны вынік лабараторнага даследавання на інфекцыю COVID-19, выкананага не пазней як за трое сутак да даты перасячэння мяжы, і выконваць пры знаходжанні на чыгуначных вакзалах і ў цягніках масачны рэжым.

belapan.by