Беларуская чыгунка адпраўляе навагодні цягнік у маёнтак Дзеда Мароза
Святочны цягнік, які складаецца з купэйных вагонаў, будзе дастаўляць турыстаў у госці да Дзеда Мароза ў Нацыянальны парк “Белавежская пушча” 21, 23 і 28 снежня і 2, 4, 6, 11 студзеня, паведамілі ў прэс-цэнтры магістралі.
Цягнік будзе адпраўляцца са станцыі Менск-Пасажырскі ў 21.50 і прыбываць у Берасце раніцай наступнага дня ў 7.40, адкуль турыстаў даставяць у Белавежскую пушчу на камфартабельных аўтобусах. Там госці правядуць цэлы дзень. Падарожнікаў чакае насычаная навагодняя экскурсійная праграма: яны наведаюць маёнтак беларускага Дзеда Мароза, убачаць домік Снягуркі, музей падарункаў “Скарбніца”, чароўны калодзеж і ветраны млын, змогуць загадаць жаданне на Паляне казак і атрымаць навагодні падарунак ад самога Дзеда Мароза. У праграму тура таксама ўваходзіць знаёмства з музеем прыроды, шпацыр уздоўж вальераў з жывёламі і пачастунак блінамі з гарбатай на пушчанскіх травах. Назад у сталіцу з Берасця навагодні цягнік адправіцца ў 17.50 і прыбудзе ў Менск у 22.15, у дарозе пасажыраў чакаюць конкурсы ад аніматараў.
У бягучым навагоднім сезоне турыстычны цэнтр “Дартур” Менскага аддзялення Беларускай чыгункі плануе арганізаваць восем навагодніх цягнікоў.
Акрамя гэтага 22 снежня Дзіцячая чыгунка ім. К.С. Заслонава адкрывае праект “Навагодні экспрэс”. Святочны цягнік будзе курсіраваць у дні зімовых канікул, калядных і навагодніх святаў з 22 снежня па 7 студзеня. Першы ў гэтым сезоне цягнік, якім будуць кіраваць юныя чыгуначнікі, адправіцца з перона станцыі Заслонава 22 снежня ў 11.00.
Дзіцячая чыгунка запрашае менчан і гасцей сталіцы здзейсніць незабыўнае падарожжа па снежаньскім лесе. На станцыі “Сасновы Бор” будзе арганізавана тэатралізаванае прадстаўленне, падрыхтаванае Менскім Палацам культуры і спорту чыгуначнікаў. Дзеці сустрэнуцца з казачнымі героямі, Дзедам Марозам і Снягуркай, прымуць удзел у навагодніх конкурсах і гульнях.
Квіткі на “Навагодні экспрэс” ужо ў продажы. Іх можна набыць на станцыі Заслонава Дзіцячай чыгункі (праспект Незалежнасці, 86). Кошт квітка складае 17 рублёў.