Беларуская чыгунка: Істотнага росту цэн на квіткі сёлета не чакаецца
Беларуская чыгунка не чакае нейкага скачкападобнага росту цэн на квіткі ў 2020 годзе. Пра гэта заявіў першы намеснік начальніка пасажырскай службы дарогі Аляксандр Дрожжа 25 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску.
„Што датычыцца павышэння цэн у 2020 годзе, то пакуль Беларуская чыгунка у МАРГ з такой прапановай не звярталася. Але я хачу сказаць, што павышэнне цэн у 2019 годзе, якое адбылося 31 снежня, склала 5%. Гэта, груба кажучы, узровень інфляцыі, які склаўся ў краіне”, — сказаў ён.
Як мяркуе Дрожжа, тарыфы могуць вырасці ў другой палове года — таксама на велічыню інфляцыі. „Але нейкага скачкападобнага росту мы пакуль не чакаем”, — падкрэсліў прадстаўнік Беларускай чыгункі.
Пры гэтым ён адзначыў, што пакрыццё выдаткаў насельніцтвам пры пасажырскіх перавозках унутры краіны ў сярэднім склала ў 2019 годзе каля 20%. „Гэта значыць 80% выдаткаў Беларуская чыгунка пакрывае за кошт сваіх даходаў ад грузаперавозак”, —сказаў Дрожжа.
„Тарыфы у нас рэгулююцца. Акрамя таго, у Беларусі пакуль няма механізму кампенсацыі мясцовымі ўладамі выдаткаў перавозчыка, якія ён нясе пры рэгуляваных тарыфах. Гэта, вядома ж, стрымлівае нас у плане развіцця і абнаўлення рухомага саставу”, — канстатаваў прадстаўнік Беларускай чыгункі.
Паводле яго слоў, абнаўленне рухомага саставу адбываецца не тымі тэмпамі, як хацелася б. „Дапусцім, за апошнія два гады мы набылі 50 пасажырскіх вагонаў, яны будуць курсіраваць у міжнародных зносінах. У 2020 годзе плануем набыць яшчэ 34 вагоны, але патрэба ў абнаўленні рухомага саставу захоўваецца”, — расказаў Дрожжа.
belapan.by