Беларуская чыгунка прызначыла ўжо больш за 60 дадатковых цягнікоў на святы



Беларуская чыгунка прызначыла ўжо больш за 60 дадатковых цягнікоў на найбліжэйшыя красавіцкія і майскія святы.

З улікам прагназаванага павелічэння пасажырапатоку ў гэтыя выхадныя дні ў сувязі з Вялікаднем (па календары каталіцкай канфесіі) дадаткова назначаны цягнікі ў кірунках Менск — Гомель і Менск — Берасце.

Так, 2 красавіка дадаткова прадугледжана курсіраванне цягнікоў № 740 Менск — Гомель і № 753 Менск — Берасце. Цягнік № 740 Менск — Гомель адправіцца з Менска ў 19.33 і прыбудзе ў Гомель у 23.18. Падчас руху цягнік будзе рабіць прыпынкі на станцыях Асіповічы, Бабруйск і Жлобін. Цягнік № 753 Менск — Берасце адправіцца з Менска ў 16.53 і прыбудзе ў Берасце ў 20.45.

4 красавіка дадаткова будуць курсіраваць наступныя цягнікі: № 685 Гомель — Менск адпраўленнем з Гомеля ў 19.23 і прыбыццём у Менск у 23.50; № 686 Менск — Гомель адпраўленнем з Менска ў у 12.20 і прыбыццём у Гомель у 16.55; № 754 Берасце — Менск адпраўленнем з Берасця ў 17.37 і прыбыццём у Менск у 21.17. Падчас руху цягнік будзе рабіць прыпынак на станцыі Баранавічы-Цэнтральныя.

Як паведамляе прэс-цэнтр магістралі, на будучыя травеньскія святы і Радаўніцу з 7 да 11 траўня ўжо прызначана 56 дадатковых цягнікоў. Яны будуць курсіраваць па найбольш запатрабаваных у пасажыраў напрамках: Менск — Берасце, Менск — Гомель, Менск — Віцебск, Менск — Гародня, Менск — Камунары, Менск — Пінск, Менск — Светлагорск, Віцебск — Берасце, Гомель — Віцебск.

Акрамя таго, будзе павялічана колькасць месцаў для праезду пасажыраў у цягніках № 747/748, 710/709 Менск — Гомель 8, 10 і 11 траўня.

zviazda.by