Беларуская экскурсія па вуліцы Свентаянскай у Беластоку
Беларускі гістарычны клуб Beer&History зладзіў чарговую экскурсію вуліцамі Беластоку. Гэтым разам упершыню прайшліся па новым маршруце – па вуліцы Свентаянскай і прылеглых парках Планты ды Канстытуцыі 3 Мая.
Гаворыць гісторык і экскурсавод – Алесь Кіркевіч:
-У 20 – 30 гадах Беласток стаў цэнтральным, ваяводскім нармальным горадам і пачаў перабудоўвацца. Узніклі новыя будынкі, нават новыя тыпы будынкаў, як акруговы суд, падатковая служба, настаўніцкі квартал, тыя ж Планты. Гэта такая атмасфера 20 – 30 гадоў, калі Беласток, як горад, пачаў жыць па-новаму. З рабочага, габрэйскага горада, які больш пра камерцыю, пра шчыльную забудову, пра брудныя вуліцы, ператварыўся ў чысценькі, прыгожы цэнтр.
Экскурсія пачалася ад будынка Галерэі Альфа, дзе раней размяшчаліся вытворчыя карпусы фабрыканта Бэкера і завершылася на вайсковых могілках, дзе знайшлі свой спачын ваяры розных часоў і фармацый.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя