Беларускі касцёл у Вільні
Беларускі Касцёл святога Барталамея ў Вільні месціцца на Зарэччы (Šv. apaštalo Baltramiejaus bažnyčia Užupio g. 17a Vilnius).
Гісторыя касцёла распачалася ў 17-ым стагоддзі. У 1644 годзе на Зарэччы на стромкім беразе Віленкі паўстаў невялікі драўляны касцёл святога Барталамея.
У 1649 годзе будынак касцёлу спалены ўдарам маланкі, але ў гэтым жа годзе паўстаў новы касцёл, таксама з дрэва, але пажар знішчыў і гэты гмах касцёлу.
У 1824 годзе пад той самай назвай пабудаваны мураваны касцёл – невялікі ў стылі класіцызму. Належаў ён да аўгустынаў “белых”, а пазней тут была філія кляшторнага касцёлу бернардынаў. У 1881 годзе была дабудаваная вежа. Касцёл меў 5 алтароў. З 1949 года барочныя алтары Віленскага касцёла святога Барталамея можна пабачыць у касцёле Святога Міхала ў мястэчку Немянчыне, куды яны трапілі пасля закрыцця савецкімі ўладамі касцёла Барталамея на Зарэччы.
Касцёл служыў жыхарам Зарэчча да Другой Суветнай вайны. У часы СССР у касцёле месцілася майстэрня скульптараў.
У 1997 годзе касцёл Святога Барталамея на Зарэччы быў перададзены беларускай каталіцкай супольнасці Вільні, але да 2016 года імша праходзіла на дзвюх мовах – беларускай і польскай. З 2016 года імша – выключна па беларуску.
Беларускае Радыё Рацыя