Беларускі турызм прэзентуюць у Нідэрландах
Турыстычны патэнцыял Беларусі прадставяць на міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы турызму і адпачынку Vakantiebeurs, якая пройдзе з 9 па 13 студзеня 2019 года ва Утрэхце (Нідэрланды), гаворыцца на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме.
Прэзентацыя турыстычных магчымасцей Беларусі адбудзецца 9 студзеня з 14.00 да 18.00 у выставачным цэнтры Jaarbeurs Utrecht. Пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў Нідэрландах плануецца наведванне прэзентацыі прадстаўнікамі турфірм, зацікаўленых у супрацоўніцтве з удзельнікамі беларускага турыстычнага рынку.
Першы дзень буйнейшай турыстычнай выстаўкі ў Нідэрландах Vakantiebeurs разлічаны выключна на прафесіяналаў туррынку, далей экспазіцыя будзе адкрыта і для турыстаў. У 2018 годзе мерапрыемства наведалі больш за 100 тыс. чалавек, колькасць экспанентаў перасягнула 1,1 тыс.
