Беларускія грамадзяне будуць вывезеныя з Гоа 25 красавіка



Беларускія грамадзяне будуць вывезены з Гоа (Індыя) „чартарным эвакуацыйным рэйсам” авіякампаніі „Белавія” Дабалім — Менск 25 красавіка, паведаміла пасольства краіны ў Дэлі.

Дыппрадстаўніцтва нагадвае, што 16 красавіка падпісаны ўказ прэзідэнта „Аб арганізацыі эвакуацыйных рэйсаў”, які прадугледжвае выкарыстанне беспрацэнтнага крэдытна-кампенсацыйнай механізму набыцця квіткоў на эвакуацыйны борт з наступным вяртаннем сродкаў да 31 снежня 2020 года.

У адпаведнасці з дакументам эвакуяваныя беларускія грамадзяне, іх законныя прадстаўнікі (бацькі, усынавіцелі, апекуны або папячыцелі) абавязаны пакрыць бюджэтныя сродкі, затрачаныя на выкананне эвакуацыйных рэйсаў.

Эвакуацыя грамадзян Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца на падставе альбо электроннага білета (па папярэдняй аплаце), альбо паведамлення аб памеры бюджэтных сродкаў, якія падлягаюць кампенсацыі, затрачаных на выкананне эвакуацыйнага рэйса (без папярэдняй аплаты, з наступнай кампенсацыяй). Для асоб, якія не з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, магчымая толькі перадаплата.

Кошт квітка складае 750 долараў ЗША, „але пры не поўным запаўненні борта ён можа быць крыху павялічаны”. Канчатковая цана квітка будзе вызначана перавозчыкам „пасля ацэнкі папярэдняга спіса жадаючых”, прадстаўленага пасольствам. Плацежныя рэквізіты для аплаты электронных білетаў будуць накіраваныя ўсім пасажырам са спіса на названыя ў форме пасажыра электронныя адрасы.

Раней прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз паведаміў БелаПАН, што ў Гоа знаходзіцца каля 150 беларускіх турыстаў, менавіта там „склалася найбольш напружаная сітуацыя” ў плане арганізацыі вывазу грамадзян. Паводле яго слоў, вырашаецца пытанне, якім чынам беларусы змогуць даехаць да аэрапорта Дабалім. „Пасольства ва ўзаемадзеянні з індыйскімі ўладамі збірае дакументы на кожнага грамадзяніна, які плануецца да эвакуацыі. Вельмі вялікі пералік узгадняецца з мясцовымі ўладамі, атрымліваюць дазвольныя дакументы, каб даехаць да аэрапорта. Магчыма, будуць арганізаваны аўтобусы”, — сказаў Глаз.

belapan.by