«Беларускія Мальдывы» ўжо можна наведаць афіцыйна



Фота беларускага Радыё Рацыя

Зараз «Беларускія Мальдывы» можна наведаць афіцыйна.

«Беларускімі Мальдывамі» называюць адпрацаваныя крэйдавыя кар’еры «Краснасельскбудматэрыялы» — вадаёмы з вадой незвычайна ярка-бірузовага колеру, дзе так любяць фатаграфавацца і, на жаль, купацца беларусы. Зараз іх можна будзе наведаць афіцыйна. Паўтарагадзінная экскурсія ўключае наведванне музея завода і агляднай пляцоўкі, з якой адкрываецца надзвычайны від, піша «Гродзенская праўда».

— Падумалі, што было б нядрэнна злучыць у адным маршруце вытворчасць і прыгожы ландшафт. Так нарадзілася задумка з уладкаваннем назіральнай пляцоўкі. У прамысловы турыстычны маршрут аб’ект уключаны з лета мінулага года, — распавядае намеснік гендырэктара Генадзь Найдзюк.

Шлях да назіральнай пляцоўцы нядоўгі: ад прадпрыемства кіламетраў восем. Выходзіш з машыны — і перад вачыма адкрываецца маляўнічы від на авальную чашу, запоўненую вадой.

Плошча — 54 гектары, глыбіня — да 50 метраў. З пляцоўкі праглядаецца маштабнасць. Ці будуць даступныя турыстам іншыя адпрацаваныя кар’еры, на прадпрыемстве гаварыць не бяруцца. Па словах Генадзя Найдзюка, пакуль у планах удасканаленне гэтага турыстычнага маршруту.