Беларускія палярнікі выправіліся з чарговай экспедыцыяй у Антарктыду



Чацвёра з сямі ўдзельнікаў 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі 13 лістапада вылецелі ў Кейптаўн (ПАР), адкуль іх пераправяць на ледзяны кантынент, паведамілі БелаПАН у Рэспубліканскім цэнтры палярных даследаванняў (РЦПД).

У гэтую групу ўвайшлі начальнік экспедыцыі, намеснік кіраўніка РЦПД Аляксей Гайдашоў, урач-хірург Дзмітрый Каўко, інжынер-радыёметрыст Максім Гарбацэвіч і майстар па эксплуатацыі і рамонце машын і механізмаў Артур Івашка.

З Кейптаўна беларускіх палярнікаў на грузавым самалёце даставяць на расійскую антарктычную станцыю „Новалазараўская”, а адтуль яшчэ адным рэйсам да пункта базавання беларускай экспедыцыі каля гары Вячэрняй у раёне пагоркаў Тала ва Усходняй Антарктыдзе.

Другая група палярнікаў у складзе трох чалавек — інжынера-механіка Аляксея Захватава, інжынера-геафізіка Паўла Шаблыкі і майстра па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў Уладзіміра Несцяровіча — вылеціць у Кейптаўн 24 лістапада. Там яны далучацца да ўдзельнікаў расійскай антарктычнай экспедыцыі і паплывуць у Антарктыду на борце навукова-даследчага судна „Акадэмік Фёдараў”.

На сустрэчы з грамадскасцю 8 лістапада ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей Гайдашоў паведаміў журналістам, што хуткае прыбыццё першай групы палярнікаў у Антарктыду па паветры дазволіць павялічыць тэрмін навуковых даследаванняў і будаўніцтва Беларускай антарктычнай станцыі (БАС) з чатырох да пяці месяцаў.

Удзельнікі 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі будуць даследаваць стан навакольнага асяроддзя ў раёне Усходняй Антарктыды, параметры азонасферы, ультрафіялетавай радыяцыі і клімату. Яны будуць вывучаць зямныя і марскія біялагічныя рэсурсы; правядуць геалагічныя, геафізічныя і геахімічныя даследаванні паверхні і марскога дна каля берагоў кантынента, каб вызначыць мінеральны патэнцыял рэгіёну. Акрамя таго, палярнікі выпрабуюць абсталяванне, створанае спецыяльна для працы ў антарктычных умовах, якое дапаможа даследаваць снежнае і ледзяное покрыва кантынента, горныя пароды, ваду і атмасферу.

У сезоне 2017/2018 гадоў плануецца зманціраваць на БАС секцыі з навуковымі лабараторыямі, амбулаторна-хірургічным боксам, жылымі памяшканнямі, а таксама санітарна-гігіенічнымі блокамі з душамі, туалетамі і пральняй. У мінулыя гады палярнікі ўстанавілі на станцыі трохсекцыйны модуль кіравання, навігацыі і сувязі, платформу-аснову пад чатыры секцыі і адну службовую секцыю васьмісекцыйнага лабараторна-жылога модуля.

Удзельнікі 10-й экспедыцыі будуць працаваць у Антарктыдзе да канца лютага – сярэдзіны сакавіка 2018 года.

belapan.by