Беларускія палярнікі плануюць перайсці да круглагадовай зімоўкі ў Антарктыцы
Беларускія палярнікі плануюць перайсці да круглагадовай зімоўкі ў Антарктыцы ў 2019—2020 годзе, паведаміў журналістам 8 чэрвеня ў Менску намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, начальнік усіх беларускіх антарктычных экспедыцый Аляксей Гайдашоў.
Ён адзначыў, што за час 9-й Беларускай палярнай экспедыцыі, апошнія ўдзельнікі якой днямі вярнуліся ў Беларусь, пачаўся мантаж другога аб’екта Беларускай антарктычнай станцыі (БАС).
Першы аб’ект быў зманціраваны падчас 8-й беларускай палярнай экспедыцыі. Будаўніцтва станцыі вядзецца каля гары Вячэрняя, што ў раёне пагоркаў Тала ва Усходняй Антарктыдзе.
У сезоне 2016—2017 гадоў была ўстаноўленая платформа-падстава пад чатыры секцыі і адну службовую секцыю з саставу васьмісекцыйнага лабараторна-жылога модуля. Мантаж, паводле слоў Гайдашова, выканалі ў рэкордна кароткія тэрміны — за 32 гадзіны. Яны ўжо ўведзеныя ў эксплуатацыю. Астатнія секцыі БАС будуць дастаўляцца ў найбліжэйшыя гады.
У сезоне 2017—2018 гадоў плануецца завяршыць мантаж другога аб’екта БАС — службова-жылога і лабараторнага модуляў і амбулаторна-хірургічныя боксы.
„Згодна з планамі, завяршыўшы будаўніцтва другога аб’екта і пабудаваўшы да гэтага часу новую, больш магутную, дызельную электрастанцыю, у 2019—2020 годзе мы плануем перайсці да круглагадовых зімовачных мерапрыемстваў, — сказаў вучоны.
Ён растлумачыў, што круглагадовая зімоўка — гэта практычная, эканамічная і навуковая выгада. „Цяпер нашы рады назірання разарваныя, — адзначыў ён. — Мы тры-чатыры месяцы працуем на кантыненце, потым сыходзім. Дарога займае час. Затым вяртаемся. Адсутнасць адзіных радоў назірання для навуковых назіранняў вялікі мінус”. Паводле яго слоў, круглагадовае знаходжанне дазволіць набіраць бесперапынныя рады назіранняў па ключавых навуках і з большай эфектыўнасцю прымяняць атрыманыя даныя на практыцы.
„Самае галоўнае ў будаўніцтве станцыі не змяншаць абароты і захоўваць фінансаванне. Яго не трэба нарошчваць — яно размеркавана адэкватна і раўнамерна. Але спыняцца нельга, каб не выпала з нашай амбіцыйнай працы ні аднаго года”, — сказаў на заканчэнне Гайдашоў.
belapan.by