Беларускія палярнікі правялі паспяховую паветраную грузавую аперацыю



Пра гэта паведаміў у Прэзідыум НАН Беларусі начальнік 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (13-ая БАЭ) Аляксей Гайдашоў.

Ён праінфармаваў, што была праведзена паветраная грузавая аперацыя па дастаўцы асабістага складу і грузаў з борта навукова-даследчага судна «Акадэмік Трэшнікаў» на Беларускую антарктычную станцыю «Гара Вячэрняя» (БАС «Гара Вячэрняя»). З борта судна выканана восем верталётных рэйсаў, якімі на БАС дастаўлена дзесяць беларускіх спецыялістаў і 19 тон экспедыцыйных грузаў, уключаючы навуковае і прыродаахоўнае абсталяванне, сродкі транспарту і сувязі, прадукты харчавання, авіяцыйнае паліва, запасныя часткі, рамонтныя і расходныя матэрыялы.

«Паветраная грузавая аперацыя праводзілася ў кругласутачным рэжыме. Страт, пашкоджанняў грузаў не маецца. Цеснае ўзаемадзеянне расійскіх экіпажаў і супрацоўнікаў 13-й БАЭ забяспечыла правядзенне паветранай грузавой аперацыі на высокім прафесійным узроўні і ў кароткія тэрміны», — падкрэсліў Аляксей Гайдашоў.

На Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя» выканана разгортванне асноўных сістэм жыццезабеспячэння, транспартных сродкаў і сувязных камунікацый, праведзена нарыхтоўка прэснай вады. «Асабісты склад БАЭ здаровы і прыступіў да выканання навуковых праграм, разгортванні сістэм дыстанцыйнага маніторынгу прыроднага асяроддзя Антарктыкі, мантажы і ўводу ў эксплуатацыю дастаўленага тэхналагічнага і прыродаахоўнага абсталявання», гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, 19 кастрычніка НАН Беларусі быў дадзены ўрачысты старт трынаццатай Беларускай антарктычнай экспедыцыі. У гэтым годзе на лядовы кантынент адправіліся дзесяць удзельнікаў — спецыялісты, якія ўжо пабывалі ў Антарктыдзе (пяць чалавек), і пачаткоўцы. Членаў экспедыцыі чакае нялёгкая шматмесячная работа па нарошчванню будаўніцтва ўласнага дома на берагах Антарктыкі — Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя», а таксама па правядзенні навуковых даследаванняў у рамках дзяржаўнай праграмы па вывучэнню Антарктыкі.

zviazda.by