Беларускія санаторыі адмовіліся ад жорсткіх графікаў заезду



Палова беларускіх здраўніц цэны на зімовыя месяцы не ўзнімалі, а траціна — знізілі, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску  дырэктар туркампаніі „Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму” Марына Гнядая.

Паводле яе слоў, многія беларускія здраўніцы ў навагоднія і калядныя святы ў гэтым сезоне абвясцілі аб некалькіх новаўвядзеннях. Так, санаторыі адмовіліся ад жорсткіх графікаў заезду, як было ў мінулыя гады. „Раней заезды былі ад 12 і больш дзён і ў пэўныя тэрміны, зараз жа можна забранаваць санаторый з любой даты на пяць і больш дзён. Некаторыя здраўніцы пад Менскам нават прапануюць аздараўленчыя туры выхаднога дня на двое-трое сутак. Кошт знаходжання ў санаторыі — ад 31 да 193 рублёў на суткі”, — сказала кіраўнік туркампаніі.

Гнядая паведаміла, што многія санаторыі зніжаюць цэны на першы квартал 2018 года. Так, палова здраўніц цэны на зімовыя месяцы не ўзнімалі, а траціна — знізілі. Толькі адзінкі павялічылі кошт пуцёвак.

Яна таксама адзначыла, што адпачыць у навагоднія святы на базах адпачынку і ў аграсядзібах ў нацыянальных парках Беларусі можна ў сярэднім за 65 рублёў у суткі на чалавека плюс кошт банкета — у сярэднім 150 рублёў. Аднак, папярэдзіла Гнядая, большасць аб’ектаў ужо забранаваныя.

Яшчэ адно новаўвядзенне гэтага сезона — у многіх санаторыях медработнікаў перавялі на зменны графік працы. „Дзесьці пакінулі выхаднымі днямі 1 і 7 студзеня, але ёсць і аб’екты, якія прынялі рашэнне, што медыкі будуць працаваць без выхадных, — расказала Гнядая. — Зразумела, што ў перыяд святаў у санаторыях высокае запаўненне, і яны павінны забяспечыць патрэбы ў медыцынскіх паслугах усіх адпачывальнікаў”.

На пытанне, якая зараз сітуацыя з расейскімі турыстамі, колькасць якіх у мінулы зімовы сезон у Беларусі скарацілася, дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Вераніка Дарожка адказала: „Правальным па расейскім турысце была толькі зіма. Ужо блізу лета ўзровень наведвання нармалізаваўся і зраўнаваўся з 2016 годам”.

belapan.by