Беларускія турысты маюць праблемы з вылетам з Кіева



Беларускія турысты, якія дабіраюцца да месца адпачынку самалётамі, маюць праблемы з вылетам з Кіева. Пра гэта паведамляе МЗС у сваім Твітэры. Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, адмяняюцца і затрымліваюцца рэйсы дзвюх авіякампаній — BravoAirways і AndaAir. Турысты не могуць вылецець у Алікантэ, Люблін, Туніс, Тырану, Шарм-эль-Шэйх, а таксама чакаюць рэйсаў у Анталію і Батумі.

Дыпламаты адсочваюць сітуацыю і аказваюць магчымую дапамогу. Тым, хто плануе вылятаць з аэрапортаў Кіева, рэкамендуюць звязацца са сваімі тураператарамі.

У падобную сітуацыю трапілі і шматлікія ўкраінцы, якія набылі квіткі на рэйсы кампаніі BravoAirways з аэрапорта “Жуляны”. Прадстаўнікі гэтай кампаніі сцвярджаюць, што не атрымалі грошы ад тураператараў і проста не маюць на што заправіць самалёты.

Затрымкі рэйсаў пачаліся яшчэ ў суботу і працягваюцца дагэтуль.

Еўрарадыё

Фота: korrespondent.net