Беларускія турысты, якія затрымаліся ў Гоа, могуць быць вывезеныя 26 сакавіка



Беларускія і расейскія турысты, якія затрымаліся ў індыйскім штаце Гоа, могуць быць вывезеныя 26 сакавіка, паведаміла прэс-служба Міністэрства спорту і турызму Беларусі.

Турысты — кліенты расейскага тураператара „Біблія-Глобус”. „Кампанія, спасылаючыся на распараджэнне ўрада Расеі ад 16 сакавiка (аб забароне ўезду іншаземцаў з 18 сакавіка па 30 красавіка з-за каранавіруса. — БелаПАН.), спешным парадкам анулявала білеты грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія павінны былі вярнуцца ў Менск”, — адзначаецца ў рэлізе.

У Гоа знаходзіцца 51 беларускі турыст, яшчэ 55 — у Шры-Ланцы, дзевяць — у Тайландзе, адзін — у Танзаніі (таксама кліенты фірмы).

Праблема паўстала з транзітам праз аэрапорт Унукава, куды туркампанія павінна была даставіць беларускіх турыстаў. Мінспорту занялося вырашэннем пытання сумесна з МЗС, Мінтрансам, Федэральным агенцтвам па турызме РФ, аб’яднаннямі работнікаў тургаліны. Быў падрыхтаваны ліст прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу з просьбай паспрыяць у вырашэнні з расійскім бокам пытання „аб дазволе беларускім грамадзянам пасадкі на авіярэйсы расійскіх і іншых авіякампаній, якія накіроўваюцца ў расійскія аэрапорты, у адпаведнасці з іх палётнымі праграмамі, а таксама атрыманні растлумачэння аб ажыццяўленні транзіту беларускімі грамадзянамі праз расійскія аэрапорты”.

23 сакавіка апублікаванае новае распараджэнне ўрада Расеі (ад 20 сакавіка), якое дазваляе транзiт грамадзян Беларусі і іншых дзяржаў СНД цераз тэрыторыю РФ. Гаворка ідзе пра транзіт беларускіх грамадзян, якія вяртаюцца дадому з трэціх краін. Чартарная праграма дзейнічае, адзначае Мінспорту. „Дзякуючы прамым кантактам з кіраўніцтвам Федэральнага агенцтва па турызме” ўдалося дасягнуць папярэдняй дамоўленасці з тураператарам „Біблія-Глобус” арганізаваць рэйс у штат Гоа для вылету беларускіх і расійскіх пасажыраў. Вылет плануецца 26 сакавіка. Дакладны час будзе вызначаны пазней. Беларускім кліентам „Біблія-Глобуса”, якія раней не змаглі вылецець дадому авіякампаніяй „Расія”, неабходна „аператыўна звязацца любымі спосабамі з тураператарам і перавозчыкам для таго, каб заявіць пра сваё жаданне трапіць на названы рэйс”.

23 сакавіка прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз заявіў, што застаецца вострым пытанне вяртання беларускіх грамадзян з краін Паўднёва-Усходняй Азіі.

„Актыўна шукаем шляхі вырашэння сітуацыі ў кантакце з расейскім бокам, бо грамадзяне былі дастаўленыя туды расейскімі авіяперавозчыкамі і тураператарамі. Па-ранейшаму разглядаюцца розныя варыянты, у тым ліку накіраванне дадатковых бартоў, аднак для гэтага ў любым выпадку спатрэбіцца пэўны час, — адзначыў Глаз. — На працягу дня знаходзімся ў пастаянным кантакце з расейскімі калегамі на розных узроўнях у мэтах канчатковага ўзгаднення дадатковых (акрамя чартарнага рэйса) алгарытмаў руху ў Беларусь нашых грамадзян, якія прыбываюць у аэрапорты Унукава (Масква. — БелаПАН.) і Пулкава (Санкт-Пецярбург. — БелаПАН.). Узаемадзейнічаем канструктыўна і разлічваем найбліжэйшым часам завяршыць вырашэнне і гэтага пытання”.

belapan.by