Беларусы цягнуцца да свайго
Паводле Міністэрства спорту і турызму ва ўнутраных вандроўках грамадзяне перавагу надаюць наступным напрамкам: культурна-пазнавальным, адпачынку на вёсцы, знаёмству з роднай прыродай. Прыцягваюць унікальныя і самабытныя мясціны. Вялікі попыт на этнаграфію.

Экскурсавод Таццяна Хвагіна адзначае, што такая цікавасць дае падставу ствараць этнаграфічныя аб’екты:
– Звярнуліся да этнаграфіі. З’явіліся аб’екты, якіх раней не было. Часам гэта былі аб’екты ўдалыя, часам меней, але з’явіліся і Дудуткі, Каробчыцы і Строчыцы, а таксама іншыя музеі і комплексы, якія ўвялі новы экскурсійны прадукт, дзе экскурсія, дзе анімацыя, абрады, канцэрты, народныя спевы, танцы, гульні, дэгустацыі страў народнай кухні.
Суразмоўца дадае, што ў апошнія гады расце попыт на прыродазнаўчыя экскурсіі, актыўны адпачынак звязаны з воднымі шляхамі краіны. Але пакуль у гэтым напрамку задаволіць падарожнікаў на поўную не атрымоўваецца, бо інфраструктура развіваецца досыць павольна.
Беларускае Радыё Рацыя
