Беларусы збіраюць подпісы супраць забароны на выезд з краіны



Беларусы збіраюць подпісы супраць забароны на выезд з Беларусі. Грамадзянам краіны патрэбныя важныя прычыны для замежных паездак: камандзіроўка, вучоба, лячэнне і г.д. Беларусы патрабуюць адмяніць гэтую забарону.

Апошнім часам у Беларусі былі адмененыя некалькі супрацькавідных абмежаванняў: адменена самаізаляцыя для кантактаў 1 узроўню; хворыя каронавірусам не павінны прадстаўляць інфармацыю аб сваіх кантактах; не патрабуецца самаізаляцыя грамадзянам Беларусі і замежнікам, якія прыехалі з-за мяжы.

Гэтыя змены, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, прынятыя праз паляпшэнне эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне і зніжэнне ўзроўню захворвання. Пры гэтым абмежаванне на выезд з краіны наземным транспартам дзейнічае больш за год. Яго абгрунтоўвалі менавіта эпідэміялагічнымі прычынамі і неабходнасцю барацьбы з каронавірусам.

Падпісанты ліста ў Міністэрства аховы здароўя просяць зняць забарону на свабодны выезд з Рэспублікі Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя