“Беласток” вярнуўся ў Гародню
На гастранамічнай мапе Гародні з’явіўся новы аб’ект – рэстарацыя беларускай традыцыйнай кухні “Беласток”.
Адкрыццё рэстарацыі прайшло ўрачыста, з удзелам адміністацыі горада і прэзідэнта горада Беласток Тадэвуша Трускаляскага.
Месціцца рэстарацыя ў падвалах офіснага будынка па вуліцы Віленскай. У гэтым жа будынку дзейнічаў і першы рэстаран “Беласток”, які адкрыўся ў 1974 годзе. У 1985 годзе ён перамясціўся на вуліцу Гараднічанскую. Аднак, у пачатку 2000-х рэстаран закрылі.
Будынак па вуліцы Гараднічанскай, 20, дзе месціўся рэстаран „Беласток”
Ды толькі ў рэстарацыі, якая спецыялізуецца на традыцыйных беларускіх стравах, не знайшлося месца беларускай мове. Меню па-расейску прапануе вам “пячисту”, “печеный картофель в мундире” ды многае іншае.
Беларуская мова ёсць толькі на шыльдзе ўстановы, візітоўках ды скураных падстаўках пад талеркі. Не трэба казаць, што і абслугоўваюць вас на расейскай мове.
У рэстаране ўтульна. Абслуга ветлівая. Стравы – разнастайныя і смачныя. Але асадак чамусьці застаецца гаркаваты.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня