Беластоцкія „Росы”
Праваслаўныя могілкі на Выгодзе пры парафіі Усіх Святых з’явіліся ў 1887 г. У час Першай сусветнай вайны на могілках хавалі вайскоўцаў, а тэрыторыя была пашырана да сучасных памераў. Некропаль унесены ў рэестр помнікаў Падляшскага ваяводства. Могілкі ў нечым можна параўнаць з віленскім некропалем Росы, бо ў гэтым месцы знаходзяцца пахаванні дзеячаў, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё беларускасці: Вячаслава Багдановіча, Міколы Чарнецкага, Кастуся Кіслага, Юрыя Геніюша, Міколы Гайдука, Віктара Рудчыка.
Сімвалічнае месца пахавання Вячаслава Багдановіча (1878-1939?)
Вячаслаў Васілевіч Багдановіч (1878, Дзісна – 1939?) – беларускі рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст.
У канцы 1922 абраны ў сенат II Рэчы Паспалітай. З 1903 выкладчык біблейскай і царкоўнай гісторыі ў Віцебскай праваслаўнай семінарыі. З 1907 інспектар Менскай, з восені 1907 Віленскай духоўных семінарыяў. У 1915 эвакуіраваўся з семінарыяй у Разань. У 1919 вярнуўся ў Вільню, прызначаны рэктарам семінарыі. У верасні 1921 уступіў у Таварыства беларускай школы. У кастрычніку 1922 арыштаваны польскімі ўладамі і вывезены ў Кракаў. У канцы 1922 Актыўны змагар за правы беларусаў у Польшчы. У 1930 абраны сенатарам на другі тэрмін. Выступаючы ў сенаце (1929) паведаміў пра сапраўднае становішча Праваслаўнай царквы, пра гвалт, канфіскацыю маёмасці, нацыянальныя прыцясненні.
У 1920-30-х сябра Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Да 1933 старшыня Царкоўнай праваслаўнай камісіі пры БНК. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Праваслаўнага беларускага дэмакратычнага аб’яднання.
У 1939 арыштаваны дэфензівай як праціўнік аўтакефаліі. Заключаны ў Віленскую турму, адкуль этапаваны ў Бяроза-Картузскі лагер.
У верасні 1939 арыштаваны органамі НКВД. Па заяве пракуратуры СССР сярод асуджаных не значыцца. Па прыватных сведчаннях, расстраляны НКВД у Вілейскай турме пасля арышту.
* * *
Месца пахавання Мікалая Чарнецкага (1899-1944)
Мікалай Антонавіч Чарнецкі (22 траўня 1899, в. Малыя Азяраны Ваўкавыскага пав. Гарадзенскай губ. (цяпер Ваўкавыскі р-н Гарадзенскай вобл.) – 19 студзеня 1944, Беласточчына) – беларускі публіцыст, педагог, палітычны дзеяч.
Паходзіў з сялянскай сям’і. З 1919 актывіст Грамады беларускай моладзі ў Гародні, сябра БПСР. Да 1921 знаходзіўся ў бежанстве ў Расеі, дзе загінула ўся яго сям’я.
З 1921 жыў у Празе, удзельнічаў у беларускім студэнцкім руху. З 1923 вучыўся ў Празе, скончыў Пражскі ўніверсітэт са ступенню доктара філасофіі (1929). Член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у 1923-1929 уваходзіў у Замежнае бюро БПСР у Празе.
У 1929 вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, працаваў настаўнікам беларускіх гімназіяў у Радашковічах і Клецку. У 1939 прызначаны дырэктарам школы ў в. Крынкі, з 1940 – кіраўніком асветы Крынскага раёна. Арыштаваны НКУС, уцёк з-пад арышту. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Беластоку. Забіты польскім падполлем.
* * *
Месца пахавання Кастуся Кіслага (1898-1980)
Кіслы Канстанцін (1898, Калішскай губ. – 1980, Беласток), праваслаўны свецкі і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа, рэлігійны музыколаг і кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хароў.
Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям’і. З пачаткам Першай сусветнай вайны разам з бацькамі эвакуіраваўся ў г. Марыупаль, дзе паступіў у мясцовую настаўніцкую семінарыю. У 1921 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе арганізаваў царкоўны хор пры Праабражэнскім саборы і адначасова стварыў свецкі хор.
У 1933 г. пераехаў у Беласток. Арганізаваў школьны царкоўны хор пры саборы св. Мікалая, а таксама свецкі хор пры Таварыстве беларускай школы. У 2-й палове 1930-х гадоў на іх аснове быў створаны агульны хор. Нягледзячы на перашкоды з боку дзяржаўна-адміністрацыйных улад, ён шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізаваў некалькі публічных канцэртаў. З прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі быў арыштаваны органамі бяспекі. Знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лагеры.
У ліпені 1941 г. вярнуўся ў Беласток. Уключыўся ў беларускую культурна-асветную справу. Наладзіў кантакты з Беларускім камітэтам у Беластоку і аднавіў свой колішні хор. З 1942 г. выступаў з публічнымі канцэртамі. З чэрвеня 1944 г. – у эміграцыі. Шырока папулярызаваў беларускую песню ў Заходняй Еўропе. З ансамблем выступаў у Бруселі, Лондане, Парыжы, Кёльне і Боне. З траўня 1956 г. – у ЗША. Жыў у г. Кліўленд, дзе прымаў удзел у беларускім культурна-грамадскім жыцці. Цяжка хварэў. Вярнуўся ў Беласток, дзе 08.01.1980 памёр.
* * *
Месца пахавання Юрыя Геніюша (1935 – 1985)
Юрка Геніюш нарадзіўся 21 кастрычніка 1935 года ў мястэчку Зэльва ў сям’і лекара. У той час беларускаму інтэлігенту не было прыстойнага месца ў Айчыне, таму бацькі Юркі эмігравалі ў Прагу. Там прайшло яго дзяцінства, у поўнай беларускасці, якой поўніўся эмігранцкі дом Геніюшаў.
Дэбютаваў на старонках беларускага тыднёвіка „Нівы” ў Беластоку 20 кастрычніка 1963 года апавяданнем „Прыкметы”. Праз два гады ў беластоцкім альманаху „Белавежа” змясціў кароткую падборку сваёй прозы: „Як знайсці хулігана?”, „Ой ты, доля мая”, «З апавяданняў старога сабакі Тарзана” і „Як мы арганізаваліся”. Першай значнай на творчым шляху кніжкай стаў „Зборнік сцэнічных твораў”, выдадзены ў 1976 годзе Беларускім грамадска-культурным таварыствам. У альманаху літаратурнага аб’яднання „Белавежа” Юрка Геніюш выявіў зусім новыя якасці свайго таленту, менавіта ў паэтычнай прозе.
Як кожны сапраўдны беларускі літаратар, шчыры беларус, ён хварэў за будучыню роднага слова. Пры жыцці апублікаваў у перакладзе на польскую мову зборнік паэтычнай прозы „Спачатку было толькі Слова…” (Беласток, 1981). Пасля смерці выйшлі кнігі „Да свету” – у зборніку „Маці і сын” (Беласток, 1992) і „З маёй званіцы” (Беласток, 1993).
* * *
Месца пахавання Віктара Рудчыка (1934 – 1989)
Віктар Рудчык (1934 – 1989) – журналіст тыднёвіка беларусаў у Польшчы „Ніва”.
* * *
Месца пахавання Міколы і Лідзіі Гайдукоў (1933-1998)
Мікола Гайдук (29 мая 1933, в. Кабылянка каля Міхалова, Польшча – 2 верасня 1998) – беларускі пісьменнік, журналіст, краязнавец, педагог.
Нарадзіўся у сялянскай сям’і. Скончыў агульнаадукацыйны ліцэй у мястэчку Міхалова (1951). Два гады працаваў у гміннай управе. З 1953 г. вучыўся ў СССР на філалагічных факультэтах ва ўніверсітэтах Растова-на-Доне, Ленінграда. Скончыў БДУ (1959) працаваў у агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Б. Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім спачатку як настаўнік беларускай і лацінскай моў, з 1965 г. – дырэктарам ліцэя. У 1959-1964 г. адначасова выкладаў беларускую літаратуру на беларускім аддзяленні завочнай настаўніцкай студыі ў Беластоку. З 1971 г. працаваў у газеце „Ніва” (Беласток), у 1971-1986 г. – публіцыст, у 1986-1988 г. – намеснік галоўнага рэдактара. Сябра Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа” (з 1958). Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў (з 1985).
Дэбютаваў ў друку вершам на беларускай мове ў 1957 г. (газета „Ніва”). Аўтар зборніка вершаў на беларускай мове „Ціш” (Беласток, 1988), апавяданняў, аповесцей і гістарычных эсэ „Трызна”, „Паратунак”, „Брэсцкая унія”, казак. На польскай мове выдаў „Белавежскія паданні” (Беласток, 1990). Выступаў як публіцыст, літаратуразнавец і перакладчык паэзіі з польскай на беларускую мову. Апублікаваў каля 600 уласных запісаў беларускіх песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік. Сабраў у наваколлі Белавежы і апрацаваў зборнік беларускіх народных казак, легенд і паданняў „Аб чым шуміць Белавежская пушча” (1982). Сааўтар (з Л. Гайдук) падручнікаў па беларускай мове для 3, 4, 5 класаў (1962—1987; па 3 выданні) і „Граматыкі беларускай мовы для 5-8 класаў беларускай пачатковай школы” (1975).
Беларускае Радыё Рацыя, Аляксей Трубкін, праект „Беларускі Беласток”