„Белавія” абвяргае інфармацыю пра перакідванне мігрантаў праз Маскву
Гендырэктар „Белавія” Ігар Чаргінец абверг заявы аб тым, што авіякампанія перакідвае мігрантаў у Беларусь праз Расею, паведамляе БелТА.

Паводле слоў Чаргінца, 15 лістапада з Масквы ў Менск „Белавія” выканала пяць рэйсаў.
«Я дасканала праверыў: на ўсіх рэйсах з Масквы каля 10 чалавек з пашпартамі не Беларусі і не Расеі. Сярод іх ёсць прадстаўнікі Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана. І ёсць толькі адзін пасажыр – грамадзянін Ірака, прычым з дыпламатычным пашпартам», – заявіў ён.
Чаргінец падкрэсліў, што інфармацыя аб перакідванні мігрантаў у Менск праз Маскву з’яўляецца несапраўднай.
