„Белавія” адкрывае чартары ў Катар
Першы рэйс у Доху запланаваны на 4 сакавіка, паведамляе авіякампанія. У сваю чаргу Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый паведамляе, што чартарная праграма працягнецца па 3 чэрвеня 2023 года, а білеты прадае тураператар „Інтэрсіці”.
Самалёты будуць лятаць з Менска ў Доху па суботах, усяго запланавана 14 рэйсаў.
Загадзя атрымліваць катарскую візу грамадзянам Беларусі не трэба, яе паставяць па прылёце ў аэрапорце. Для візы патрэбен пашпарт з тэрмінам дзеяння не менш за 6 месяцаў з моманту заканчэння паездкі, зваротныя білеты, бронь гатэля і не менш як $1000 на крэдытнай карце або наяўнымі.