„Белавія” адкрывае прамы рэйс з Мінска ва Уфу
„Белавія” 31 траўня пачне выконваць прамыя рэйсы ў яшчэ адзін расейскі горад — сталіцу рэспублікі Башкартастан Уфу, паведаміла прэс-служба авіяперавозчыка.
Раней у гэтым месяцы авіякампанія ўжо запусціла палёты ў Екацярынбург і Самару. Уфа на гэты момант стане дзясятым рэгулярным напрамкам „Белавія” ў Расею.
„Белавія” будзе лётаць па маршруце Менск — Уфа — Менск адзін раз у тыдзень — па панядзелках. Вылет з нацыянальнага аэрапорта Менск прызначаны на 00.10, прыбыццё ў міжнародны аэрапорт Уфа — 04.55. Зваротны рэйс плануецца ў 06.20 з прылётам у сталіцу Беларусі ў 07.05. Час для аэрапортаў названы мясцовы.
„Расейскія маршруты заўсёды карысталіся вялікай папулярнасцю ў беларусаў і транзітных пасажыраў. Таму аднаўляць і пашыраць нашу карту палётаў у гэтым кірунку — адна з прыярытэтных задач цяпер. Пандэмія ўсё яшчэ не пакінула нас, але свет вучыцца зноў будаваць камунікацыю. І здаецца, гэта атрымліваецца”, — пракаментаваў генеральны дырэктар „Белавія” Ігар Чаргінец.
Дарога ў адзін бок зойме 2 гадзіны 45 хвілін. Кошт за адзін білет стартуе ад 98 еўра па мінімальным тарыфе без багажу (Light), у абодва бакі — ад 183 еўра.
Міжнародны аэрапорт Уфа знаходзіцца за 25 кіламетраў ад цэнтра горада.