„Белавія” адмяніла ўсе рэйсы ва Украіну да канца лета



„Белавія” адмяніла ўсе рэйсы ва Украіну да канца жніўня гэтага года, паведамляецца на сайце авіяперавозчыка.

„У сувязі з забаронай уладаў Украіны на выкананне рэйсаў „Белавія” авіякампанія вымушана адмяніць палёты ў/з Кіева, Львова, Адэсы і Харкава з 26 мая па 31 жніўня 2021 года. 25 мая таксама адмяняюцца начныя рэйсы B2 847 у Кіеў (час вылету 22.40) і B2 833 у Адэсу (час вылету 23.40)”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што пасажыры, у якіх былі набытыя квіткі ў названыя даты, змогуць вярнуць іх поўны кошт без штрафаў або змяніць дату вылету цягам тэрміну дзеяння авіябілета (адзін год з моманту набыцця для цалкам нявыкарыстаных квіткоў, адзін год з моманту пачатку палёту для часткова выкарыстаных квіткоў). Звяртацца па гэтых пытаннях неабходна ў месцы набыцця авіябілетаў.

„Выказваем прабачэнні за дастаўленыя нязручнасці па прычынах, якія склаліся незалежна ад нас. Выказваем свае шчырыя шкадаванні аб тым, як развіваецца сітуацыя”, — падкрэслівае „Белавія”.

Як паведамлялася, на наступны дзень пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair, які адбыўся 23 мая ў Менску, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў ураду прапрацаваць рашэнне аб спыненні прамых авіязносін з Беларуссю і аб „закрыцці паветранай прасторы Беларусі для ажыццяўлення авіяпералётаў з Украіны і ў краіну”.

Украіна спыняе авіязносіны з Беларуссю з поўначы 26 мая. На пазачарговым пасяджэнні 25 мая ўкраінскі ўрад даручыў Міністэрству інфраструктуры, Дзяржавіяслужбе і ДП „Украэрарух” прыняць для гэтага неабходныя меры. Украінскім авіякампаніям і самалётам будзе забаронена выконваць палёты ў паветранай прасторы Беларусі.

Дзяржпамежслужбе даручана спыніць афармленне пасажыраў, якія рухаюцца з Беларусі ці ў Беларусь, у мытных пунктах аэрапортаў. „Сітуацыя з прымусовай пасадкай самалёта кампаніі Ryanair у Менску з’яўляецца парушэннем Канвенцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі. Рашэнне нашага ўрада накіраванае на забеспячэнне бяспекі палётаў і пасажыраў”, — адзначыў прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль.

belapan.by