„Белавія” адмяняе больш за 70 рэйсаў у краіны Еўропы, Азіі і Расею з-за каранавіруса



„Белавія” адмяняе больш за 70 рэйсаў у краіны Еўропы, Азіі і Расейскую Федэрацыю з-за каранавіруса, паведамілі БелаПАН у прэс-службе авіякампаніі.

„Авіякампанія „Белавія” актыўна сочыць за сітуацыяй, выкліканай каранавірусам, а таксама прытрымліваецца рэкамендацый СААЗ. Бяспека пасажыраў у прыярытэце ў авіякампаніі”, — гаворыцца ў паведамленні авіяперавозчыка.

„Белавія”, у прыватнасці, прыняла рашэнне адмяніць усе палёты: па маршруце Мінск — Мілан — Мінск з 12 сакавіка па 15 красавіка; па маршруце Мінск — Рым — Мінск з 16 сакавіка па 15 красавіка.

У Ізраіль з 13 па 31 сакавіка „Белавія” адмяняе выкананне рэйсаў па аўторках і чацвяргах па маршруце Мінск — Тэль-Авіў — Мінск, пакідаючы ў раскладзе палёты толькі па нядзелях.

Адмененыя ўсе рэйсы ў Туркменістан па маршруце Мінск — Ашхабад — Мінск з 5 сакавіка па 1 красавіка.

Акрамя гэтага, „Белавія” адмяніла шэраг рэйсаў у Азербайджан, Арменію, Бельгію, Вялікабрытанію, Венгрыю, Германію, Грузію, Казахстан, Латвію, Літву, Малдову, Расію, Сербію, Украіну, Швейцарыю, Швецыю, Фінляндыю, Францыю, Чэхію, Эстонію. Падрабязнасці можна даведацца на спецыяльнай старонцы авіякампаніі.

Як удакладняе „Белавія”, у выпадку калі рэйс адменены, пасажыр можа: здаць авіябілет і вярнуць усю суму без утрыманняў; змяніць дату палёту па тым жа маршруце да 31 траўня 2020 года альбо ў межах максімальнага тэрміну знаходжання ў пункце прызначэння па авіябілеце без дадатковых збораў у межах аднаго класа абслугоўвання.

„Белавія” будзе абнаўляць інфармацыю на сайце па адмененых рэйсах у выпадку змены сітуацыі, таму пасажырам варта сачыць за тым, якія рэйсы адмяняюцца, на спецыяльнай старонцы авіякампаніі.

belapan.by