„Белавія” адмяняе да канца сакавіка большасць рэйсаў у Тэль-Авіў



Авіякампанія „Белавія” адмяняе да канца сакавіка большасць рэйсаў у Тэль-Авіў (Ізраіль).

З 13 па 31 сакавіка 2020 года „Белавія” адмяняе выкананне рэйсаў па аўторках і чацвяргах, пакідаючы ў раскладзе палёты толькі па нядзелях, паведаміла прэс-служба авіякампаніі.

Як растлумачылі ў „Белавія”, у адпаведнасці з указаннем авіяцыйных уладаў Ізраіля, з 12 па 31 сакавіка 2020 года ўведзеныя абмежаванні на ўезд у гэтую краіну для замежнікаў.

Авіякампанія паведамляе, што кошт авіябілетаў „Белавія” на рэйсы Менск — Тэль-Авіў — Мінск з вылетам з 12 па 31 сакавіка ўключна будзе вернуты пасажырам альбо магчымы аднакратны перанос палёту да 31 мая без дадатковага збору ў межах аднаго класа абслугоўвання па гэтых жа маршрутах. Вяртанне адбываецца ў месцы набыцця авіябілета.

Як раней паведамілі ў МЗС Беларусі, урад Ізраіля прыняў рашэнне аб абавязковым 14-дзённым каранціне для ўсіх грамадзян, якія прыбылі з-за мяжы з 9 па 23 сакавіка 2020 года. Замежныя грамадзяне, які заязджаюць у Ізраіль, павінны даказаць, што ў іх маецца магчымасць знаходжання ў рэжыме ізаляцыі на працягу двух тыдняў.

„Грамадзяне Беларусі, якія маюць намер наведаць Ізраіль, пачынаючы з 12 сакавіка 2020 года павінны за пяць дзён да візіту накіраваць запыт (форма заявы і канкрэтны адрас электроннай пошты будуць апублікаваныя дадаткова) у адрас пасольства Ізраіля ў Беларусі. Уезд у Ізраіль можа быць ажыццёўлены толькі пасля атрымання адпаведнага пацвярджэння пасольства Ізраіля ў Менску”, — падкрэслівае знешнепалітычнае ведамства.

Раней „Белавія” прыпыніла выкананне рэйсаў Менск — Мілан — Менск з 12 сакавіка па 2 красавіка. З 10 сакавіка па 3 красавіка ў Італіі ўведзены каранцін на ўсёй тэрыторыі краіны з-за імклівага распаўсюджвання каронавіруса COVID-19.

belapan.by