„Белавія” адновіць палёты ў „Шарамеццева”



22 красавіка беларускі авіяперавозчык адновіць выкананне рэгулярных рэйсаў у маскоўскі аэрапорт „Шарамеццева”.

Рэгулярныя авіязносіны будуць ажыццяўляцца штодня два разы на дзень: раніцай і ўвечары. Ранішні рэйс плануецца выконваць з вылетам з Менска ў 8.30 і прыбыццём у аэрапорт „Шарамеццева” ў 9,50, а вячэрні рэйс — з вылетам з Нацыянальнага аэрапорта „Мінск” у 18.10 і прылётам у Маскву ў 19.30.

Зваротны ранішні рэйс з „Шарамеццева” плануецца ажыццяўляць з вылетам у 10.35, і прылётам у Мінск у 11.55, а вячэрні рэйс з Масквы з вылетам у 20.20 і прыбыццём у Нацыянальны аэрапорт „Мінск” у 21.40. Кошт квіткоў у адзін бок складзе ад 49 еўра, уключаючы таксы і зборы, і ад 83 еўра — туды-назад, паведаміла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ААТ „Авіякампанія „Белавія” Анастасія Навуменка.

У сілу тэхналагічных асаблівасцяў праходжання пашпартнага кантролю Міжнароднага аэрапорта „Шарамеццева” на пачатковым этапе палётаў прылёт рэйса плануецца ў тэрмінал F, а адпраўленне ў Менск — з тэрміналу D.

Раней авіякампанія „Белавія” ўжо выконвала палёты ў маскоўскі аэрапорт „Шарамеццева”, але ў рамках аптымізацыі раскладу палётаў рэйсы былі спыненыя 24 студзеня 2012 года.

zviazda.by