„Белавія” арганізоўвае эвакуацыйныя рэйсы для беларускіх турыстаў



 „Белавія” арганізоўвае эвакуацыйныя рэйсы для беларускіх турыстаў, паведамілі ў прэс-службе авіякампаніі.

„У сувязі з закрыццём паветранай прасторы шэрагу краін турыстычныя агенты сумесна з „Белавія” з 31 траўня арганізоўваюць эвакуацыйныя рэйсы з Албаніі, Туніса і Чарнагорыі па скарэктаваных маршрутах у абыход закрытых тэрыторый”, — гаворыцца ў паведамленні.

Так, 1 чэрвеня двума рэйсамі з Энфіды (Туніс) было дастаўлена ў Беларусь 346 пасажыраў. У найбліжэйшыя дні запланаваныя яшчэ два рэйсы з Туніса, каб вывезці больш за 300 чалавек.

Эвакуацыйны рэйс з Цівата (Чарнагорыя) ажыццявілі 2 чэрвеня, дзякуючы чаму змаглі дабрацца дадому 189 пасажыраў. Таксама ў гэты дзень адбыўся рэйс з Тыраны (Албанія), адкуль дастаўлена 168 турыстаў.

„Мы таксама прапрацоўваем усе магчымыя варыянты, каб вывезці грамадзян з Кіпра”, — адзначылі ў кампаніі.

У сувязі з інцыдэнтам з самалётам Ryanair беларускі перавозчык вымушаны быў адмяніць палёты ў Еўразвяз і над тэрыторыяй Еўразвяза.

belapan.by