„Белавія” будзе здзяйсняць палёты ў Баку 4 разы на тыдзень



ААТ “Авіякампанія “Белавія” і “Азербайджанскія Авіялініі” (AZAL) падпісалі двухбаковае пагадненне аб сумеснай эксплуатацыі авіялініі (код-шэрынг) Менск — Баку з 28 кастрычніка.

Паводле яго, авіякампанія “Белавія” выступіць перавозчыкам-аператарам, а “Азербайджанскія авіялініі” — маркетынгавым партнёрам на лініі Менск — Баку — Менск. Такім чынам, з 28 кастрычніка рэйсы па дадзеным маршруце будуць выконвацца беларускай авіякампаніяй пад сваім кодам В2 і пад кодам азербайджанскага перавозчыка — J2.

— З пераходам на зімовы расклад авіякампанія “Белавія” павялічвае частату выканання палётаў у Баку да чатырох разоў у тыдзень. Вылеты з Менска будуць ажыццяўляцца па панядзелках, серадах, пятніцах і суботах у 23.15 і прыбыццём у Баку на наступны дзень у 3.35. Вылеты з Баку будуць выконвацца па аўторках, чацвяргах, суботах і нядзелях у 4.35 і прылётам у Менск у 7.10, — паведаміла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ААТ “Авіякампанія “Белавія” Вольга Шчуко.

Падпісанае пагадненне аб сумеснай эксплуатацыі рэйса Менск — Баку — Менск павінна значна павысіць яго прывабнасць для пасажыраў двух авіякампаній, якія вандруюць транзітам праз аэрапорты Менска і Баку. Дзвюма авіякампаніямі плануецца істотны рост транзітных пасажыраў, якія будуць выкарыстоўваць аэрапорты сталіц дзвюх дзяржаў.

zviazda.by