„Белавія”: Грамадзян Ірака, Сірыі і Емена не будуць прымаць на рэйсы з Турцыі ў Беларусь
Грамадзян Ірака, Сірыі і Емена не будуць прымаць да перавозкі на рэйсах „Белавія” з Турцыі ў Беларусь, гаворыцца ў паведамленні авіякампаніі на яе сайце.
„У адпаведнасці з рашэннем кампетэнтных органаў Турцыі з 12 лістапада 2021 года грамадзяне Ірака, Сірыі, Емена не будуць прымацца да перавозкі на рэйсах з Турцыі ў Беларусь”, — паведамляе „Белавія”.
Адзначаецца, што пасажыры беларускай авіякампаніі, якія трапляюць пад гэтую забарону, могуць поўнасцю вярнуць кошт авіябілета без утрыманняў па месцы яго набыцця.
Раней прадстаўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы Якуб Кумах паведаміў, што турэцкая авіякампанія Turkish Airlines не будзе прымаць на рэйсы да Менска грамадзян Ірака, Сірыі і Емена. „Turkish Airlines пацвердзіла, што больш не будзе прымаць на борт самалётаў да Мінска грамадзян Ірака, Сірыі і Емена, за выключэннем уладальнікаў дыпламатычных пашпартоў”, — напісаў Кумах у „Твітэры”.
Напярэдадні агенцтва Bloomberg паведаміла пра падрыхтоўку санкцый Еўразвяза ў дачыненні да авіякампаній, якія перавозяць мігрантаў, у тым ліку Turkish Airlines і „Аэрафлот” (Расея). Раней Reuters паведаміла, што ЕЗ рыхтуе санкцыі ў дачыненні да прыкладна 30 фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку авіякампаніі „Белавія”.