„Белавія” пачала выконваць рэгулярныя рэйсы Віцебск – Калінінград



Авіякампанія „Белавія” пачала выконваць рэгулярныя рэйсы па маршруце Віцебск – Калінінград.

Як паведамляе прэс-служба калінінградскага аэрапорта Храброва, „Белавія” будзе лятаць на гэтым напрамку з частатой два разы на тыдзень па пятніцах і нядзелях да 8 верасня 2017 года ўключна. Рэйсы будуць выконвацца на паветраных суднах Bombardier CRJ200 у кампаноўцы 50 крэслаў. Вылет з Калінінграда запланаваны ў 13.40, прыбыццё ў аэрапорт Віцебска — у 15.45. Рэйс з Віцебска: вылет у 16.15, прыбыццё ў аэрапорт Храброва ў 16.25. Час для кожнага аэрапорта названы мясцовы. Працягласць палёту крыху большая за гадзіну.

Акрамя Віцебска ў летнім сезоне авіякампанія „Белавія” выконвае рэйсы з Калінінграда ў Менск. У раскладзе да трох рэйсаў штодня. Таксама „Белавія” ў перыяд з чэрвеня па верасень з частатой двойчы на тыдзень выконвае рэйсы з Калінінграда ў Берасце — па панядзелках і чацвяргах, Гомель — па серадах і суботах, Гародню — па аўторках і пятніцах.

belapan.by