„Белавія” пачала выконваць рэгулярныя рэйсы ў Екацярынбург



„Белавія” 7 траўня пачала выконваць рэгулярныя рэйсы ў Екацярынбург. Гэта восьмы напрамак у Расею, па якім ажыццяўляе палёты беларускі авіяперавозчык.

Як паведамляе прэс-служба „Белавія”, рэйсы ў Екацярынбург плануюцца раз на тыдзень — па пятніцах з вылетам з Менска ў 23.10 і прыбыццём у міжнародны аэрапорт Кальцова ў 04.10. Зваротны рэйс у сталіцу Беларусі — па суботах з вылетам у 05.10 і прыбыццём у нацыянальны аэрапорт Менск у 06.25. Час для ўсіх аэрапортаў мясцовы. Пералёт у адзін бок займае каля трох гадзін.

Мінімальны кошт квіткоў па тарыфе LIGHT (без багажу) складае 143 еўра ў адзін бок, у абодва — 233 еўра; па тарыфе SMART — 163 еўра і 263 еўра адпаведна.

„Пасажырапаток паступова аднаўляецца, нягледзячы на тое што сітуацыя ў нашай галіне ўсё яшчэ хісткая. „Белавія” здолела не проста выстаяць у складаных умовах, але і працягнула прапаноўваць пасажырам новыя магчымасці. Сёння мы пашыраем маршрутную сетку па Расеі. У Екацярынбург „Белавія” ўжо лётала, але даўно: у 1990-х і ў 2010—2015 гадах. Цяпер мы, можна сказаць, перазапускаем гэты маршрут. Многія чакалі з’яўлення гэтага напрамку — хтосьці па працоўных пытаннях, хтосьці з турыстычнымі мэтамі”, — пракаментаваў генеральны дырэктар ААТ „Авіякампанія „Белавія” Ігар Чаргінец.

У Екацярынбург будзе лётаць самалёт Embraer 175. Паветранае судна разлічанае на 76 пасажыраў: 12 месцаў у бізнес-класе і 64 месцы ў эканамкласе.

Екацярынбург — адзін з найбуйнейшых індустрыяльных і транспартна-лагістычных гарадоў Расеі. Міжнародны аэрапорт Кальцова знаходзіцца за 16 кіламетраў ад цэнтра. Ён абслугоўвае не толькі жыхароў горада, але і Свярдлоўскай вобласці.

belapan.by