„Белавія” пачала выконваць рэйсы ў Самару



„Белавія” 12 траўня пачала выконваць рэйсы па маршруце Менск — Самара — Менск.

Як паведаміла прэс-служба авіякампаніі, Самара стала дзявятым рэгулярным напрамкам у Расею. Палёты будуць выконвацца па серадах з вылетам з Менска ў 00.15 і прыбыццём у міжнародны аэрапорт Курумач у 3.25. Зваротныя рэйсы ў сталіцу Беларусі будуць ажыццяўляцца ў той жа дзень у 4.25 з прылётам у 5.55 (час для ўсіх аэрапортаў мясцовы).

Мінімальны кошт квіткоў па тарыфе Light складае 84 еўра ў адзін бок і 163 еўра туды-назад.

Палёты плануецца ажыццяўляць на паветраным судне Embraer 175 умяшчальнасцю 76 пасажырскіх месцаў. Час у дарозе складзе крыху больш за дзве гадзіны.

„Можна сказаць, што пасля цяжкага для ўсіх 2020 года авіяцыя паволі выходзіць са спячкі, — пракаментаваў генеральны дырэктар „Белавія” Ігар Чаргінец. — Летась у нашых пасажыраў з’явілася магчымасць лятаць у Вену і Ташкент, у лютым 2021 года — у Дубай. У нас вялікія планы па развіцці маршрутнай сеткі на 2021 год. Самара стала другім кірункам, пасля Екацярынбурга, які мы адкрылі гэтай вясной. Гэта горад з займальнай гісторыяй, звязанай з авіяцыяй: там выраблялі пасажырскія самалёты Ту-154, якія доўгі час эксплуатавала „Белавія”. Мы разлічваем, што адкрыццё рэйсаў у Самару будзе спрыяць прыцягненню ў Менск транзітных пасажыраў”.

„Авіязносіны паміж Менскам і Самарай вельмі важныя для нас з улікам эканамічных і культурных сувязяў як на федэральным, так і на рэгіянальным узроўні. Самарская вобласць — цудоўнае месца для турызму, асабліва летам. Упэўнены, што вандроўкі па Волзе не пакінуць абыякавымі нават самых вопытных падарожнікаў і гэты кірунак у нашай маршрутнай сетцы надасць дадатковы імпульс развіццю турызму ў рэгіёне”, — адзначыў выканаўчы дырэктар міжнароднага аэрапорта Курумач Міхаіл Берман.

belapan.by