„Белавія” пачала выконваць рэйсы з Менска ва Уфу



„Белавія” 31 траўня пачала выконваць рэгулярныя рэйсы ва Уфу, паведаміла прэс-служба авіякампаніі.

„Гэта ўжо трэці расейскі горад, у які пачала лятаць беларуская авіякампанія ў гэтым месяцы. Раней „Белавія” адкрыла такія напрамкі, як Екацярынбург і Самара. Уфа стала дзявятым рэгулярным маршрутам „Белавія” ў Расею, даступным пасажырам у гэты момант”, — гаворыцца ў паведамленні.

Рэйсы Менск — Уфа — Менск будуць выконвацца па панядзелках. Вылет з нацыянальнага аэрапорта Менск у 0.10, прыбыццё ў міжнародны аэрапорт Уфа ў 4.55 па мясцовым часе. Зваротны рэйс з Уфы плануецца ў 6.20 з прылётам у беларускую сталіцу ў 7.05.

У адзін бок дарога зойме 2 гадзіны 45 хвілін. Кошт за адзін білет пачынаецца ад 98 еўра па мінімальным тарыфе без багажу (light), у абодва бакі — з 183 еўра.

„Мы рады, што аэрапорт Уфа стане адным з ключавых авіявузлоў, якія забяспечваюць прамыя паветраныя зносіны паміж Расеяй і Беларуссю”, — адзначыў камерцыйны дырэктар кампаніі Дзяніс Нікіцін.

„Белавія” пасля ўвядзення абмежаванняў на палёты ў шэраг краін Еўропы зменіць мадэль бізнесу, павялічыць колькасць рэйсаў у Расію і ў цэлым у СНД, заявіў 30 траўня ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў. „Я ўпэўнены, што „Белавія” ужо прымае рашэнне аб змене мадэлі бізнесу. Магчыма, іншыя самалёты, магчыма, іншыя напрамкі, магчыма, іншая канструкцыя палётаў наогул. Я ўпэўнены, што мы будзем нарошчваць палёты ў тыя краіны, дзе нас пускаюць. Мы спадзяемся, і я ўпэўнены ў партнёрах, актуальныя напрамкі ва ўсе краіны СНД, Сочы, Краснадар, Мінеральныя Воды, у напрамку Байкала, Алтая. Ёсць маса выдатных куткоў Расеі, якія трэба развіваць беларусам”, — сказаў Снапкоў. Ён выказаў упэўненасць, што авіякампаніі ўдасца выбудаваць „бізнес-мадэль, якая дазволіць кампенсаваць праблематыку, існую сёння з Захадам”.

29 мая гендырэктар „Белавія” Ігар Чаргінец напісаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што авіякампанія не будзе масава скарачаць персанал з-за закрыцця паветранай прасторы шэрагу краін для Беларусі і адмовы прымаць беларускія самалёты пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair.

belapan.by