„Белавія” папоўніла флот новым Embraer-195



„Белавія” папоўніла флот новым самалётам Embraer-195.

„Embraer-195 разлічаны на перавозку 107 пасажыраў у двухкласнай канфігурацыі: 11 месцаў у салоне бізнес-класа і 96 у эканом-класе. Канцэпцыя салона гарантуе максімальны камфорт для пасажыраў за кошт канфігурацыі крэслаў 2+2 у эканамічным класе абслугоўвання і 2+1 – у бізнес-класе. У Embraer-195 прадстаўлены тып бізнес-класа з жорсткай перагародкай і павялічанай адлегласцю паміж крэсламі”, – адзначылі ў „Белавія”.

Паветранае судна паступіла па лізінгавым дагаворы, падпісаным „Белавія” і лізінгавай кампаніяй Nordic Aviation Capital у красавіку 2018 года. У адпаведнасці з гэтым пагадненнем у Менск ужо дастаўлены адзін Embraer-175 і два Embraer-195. Пастаўка яшчэ аднаго самалёта запланавана на красавік 2020 года.

У авіякампаніі адзначылі, што ўсе паветраныя судны пастаўляюцца з завода-вытворцы і вырабляюцца па індывідуальным заказе „Белавія”. Авіякампанія набыла вышэйназваныя самалёты ў аператыўны лізінг, які забяспечвае перавозчыку магчымасць гібка кіраваць складам флоту, рэгулюючы яго ў адпаведнасці з пасажырскім попытам і аб’ёмам авіяперавозак.

У выніку рэалізацыі праграмы па мадэрнізацыі флоту на працягу 2014-2018 гадоў „Белавія” набыла ва ўласнасць восем сучасных высокаэфектыўных паветраных суднаў – тры самалёты Boeing 737-800 і пяць Embraer-175/195.

Авіякампанія „Белавія” – буйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Базіруецца ў Нацыянальным аэрапорце Мінск і ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 55 аэрапортаў 29 краін Еўропы і Азіі.

belta.by