„Белавія” павялічвае вагу ручной паклажы і ўводзіць брэндаваную сістэму тарыфаў



З 18 лістапада авіякампанія «Белавія» пераходзіць на новую сучасную структуру тарыфаў, якая дазволіць пасажырам самастойна выбіраць набор паслуг для пералёту. У рамках новай канцэпцыі перавозчык павялічвае вагу ручной паклажы з 8 да 10 кілаграмаў, паведамляе яго прэс-служба.

У новай сістэме тарыфаў будуць даступныя безбагажныя тарыфы. Колькасць месцаў і кошт авіябілетаў у розных тарыфных брэндах будзе вар’іравацца ў залежнасці ад ёмістасці паветранага судна, колькасці пасажыраў на рэйсе і іншых фактараў. Розніца паміж коштам безбагажнага пералёту і мінімальным коштам квітка з багажом па маршруце «туды-назад» будзе складаць да 65 еўра ў залежнасці ад кірунку.

Так, напрыклад, мінімальны кошт квітка «туды-назад» без багажу ў Калінінград будзе пачынацца ад 85 еўра (раней мінімальны кошт авіяперавозкі з багажом пачынаўся і застаецца на дадзены момант ад 115 еўра), з Менска ў Прагу кошт перавозкі «туды-назад» без багажу будзе пачынацца ад 166 еўра (мінімальны кошт раней з багажом – ад 204 еўра, цяпер – ад 191 еўра), з Менска ў Кіеў авіябілет «туды-назад» без багажу – ад 109 еўра (мінімальны кошт раней з багажом – 134 еўра, зараз – 139 еўра).

Усе тарыфы авіякампаніі падзеленыя на пяць груп: «Прома», «Лайт», «Смарт», «Флекс» і «Бізнес».

У тарыфных брэндах «Прома» і «Лайт» будуць прапаноўвацца самыя даступныя па кошце авіябілеты. Абодва брэнды даюць магчымасць бясплатна перавезці толькі ручную паклажу вагой не больш за 10 кілаграмаў. Пры неабходнасці куплі багажу кошт правозу аднаго чамадана зніжаны з 50 да 25 еўра для названых брэндаў.

У тарыфы групы «Смарт» ужо ўключаны бясплатны правоз не толькі аднаго месца ручной паклажы вагой да 10 кілаграмаў, але і зарэгістраванага багажу вагой да 23 кілаграмаў. Тарыфы «Смарт» таксама мяркуюць магчымасць бясплатнага папярэдняга выбару асобных катэгорый месцаў на борце самалёта.

Умовы тарыфу «Флекс» мяркуюць, акрамя бясплатнага правозу ручной паклажы, бясплатны правоз аднаго месца багажу вагой да 32 кілаграмаў. Паслуга папярэдняга выбару месца ў салоне, а таксама змены даты вылету і вяртання білета прадастаўляюцца бясплатна.

«Бізнес» тарыф уключае ў сябе найбольшую колькасць паслуг: бясплатны правоз двух месцаў ручной паклажы вагай не больш за 10 кілаграмаў кожнае і двух месцаў зарэгістраванага багажу вагой да 32 кілаграмаў кожнае, бясплатны папярэдні выбар месца на борце і магчымасць змены і вяртання білета да і пасля вылету. Акрамя таго, авіякампанія прапануе пасажырам, якія вандруюць па тарыфе «Бізнес», прыярытэтную пасадку, абслугоўванне ў бізнес-зале і асобную стойку рэгістрацыі.

Спартыўны рыштунак перавозіцца без дадатковай аплаты згодна з дзейнымі правіламі авіякампаніі па тарыфах груп «Смарт», «Флекс» і «Бізнес».

Новыя правілы тарыфаў распаўсюджваюцца на авіябілеты, набытыя з 18 лістапада ў рамках новай тарыфнай канцэпцыі. Да квіткоў, аформленых раней, прымяняюцца правілы, якія дзейнічалі на момант пакупкі авіябілета. У той жа час новыя правілы па памерах кожнага месца ручной паклажы з 18 лістапада будуць прымяняцца да ўсіх авіябілетаў.

На працягу нядоўгачасовага перыяду тэставання авіякампанія будзе ўважліва сачыць за аператыўнай ліквідацыяй магчымых памылак, з улікам атрыманага вопыту ўносіць дапаўненні і змяненні ў работу новай канцэпцыі.

У прэс-службе авіяперавозчыка таксама звярнулі ўвагу, што па безбагажным тарыфах ручную паклажу нельга будзе здаваць у багаж. У сувязі з гэтым неабходна загадзя азнаёміцца ​​з правіламі правозу ручной паклажы, якія захоўваюцца, як і раней: забаронены правоз усіх вострых, рэжучых і колючых прадметаў, выбуховых рэчываў, сціснутых і звадкаваных газаў. У ручной паклажы дазваляецца правозіць вадкасці агульным абʼёмам адзін літр ва ўпакоўках не больш за 100 мілілітраў. Больш падрабязную інфармацыю аб правілах правозу багажу можна знайсці ў раздзеле »Ваш багаж» на сайце.

zviazda.by