„Белавія” перайшла на зімовы расклад
«Белавія» 27 кастрычніка перайшла на зімовы расклад руху самалётаў, які будзе дзейнічаць да 28 сакавіка 2020 года ўключна, паведамляе прэс-служба авіякампаніі.
Працэдура пераходу на зімовы расклад, адзначаюць у «Белавія», устаноўлена міжнароднай асацыяцыяй паветранага транспарту ІАТА і распаўсюджваецца на ўсе авіякампаніі ў свеце.
«У зімовым сезоне мы рады прапанаваць нашым пасажырам рэйсы па папулярных напрамках паблізу еўрапейскіх горналыжных схілаў: Львоў, Тбілісі, а таксама наш новы напрамак – Мюнхен, – гаворыцца ў паведамленні авіякампаніі. – Прамы рэйс авіякампаніі «Белавія» з Менска ў Мюнхен дазволіць з выгодай дабрацца да Ціроля, адпраўны пункт да зон катання Фюсен і Інсбрук. У той жа час абодва гарады прапаноўваюць масу магчымасцяў для займальных сямейных ўікэндаў».
«У ліку прыярытэтаў авіякампаніі ў надыходзячым зімовым сезоне традыцыйна застаюцца падтрыманне высокага ўзроўню бяспекі палётаў і павышэнне ўзроўню сэрвісу, – цытуе кампанія генеральнага дырэктара „Белавія” Анатоля Гусарава. – Адным з асноўных напрамкаў развіцця таксама з’яўляецца мадэрнізацыя флоту. Акрамя таго, авіякампанія працягвае вывучаць магчымасці для адкрыцця новых рэгулярных напрамкаў. У зімовым сезоне мы плануем увесці яшчэ адну новую паслугу, якая дазволіць пасажырам выбіраць зручны тарыф і тым самым зэканоміць свой бюджэт».
У зімовым сезоне, паведамляе кампанія, плануецца працяг выканання рэйсаў летняга раскладу ў Шарамеццева два разы на дзень, а таксама Талін і Мюнхен – чатыры рэйсы на тыдзень, пры гэтым палёты ў сталіцу Малдовы будуць выконвацца штодзень.
У параўнанні з сезонам «Зіма-2018/2019» авіякампанія плануе павелічэнне колькасці рэйсаў у Батумі, Лондан і Будапешт – да 4 рэйсаў на тыдзень, Тбілісі – да 11, Баку – да 5, Сочы – да 3. Палёты ў Рыгу, Берлін і Стамбул будуць выконвацца 6 разоў на тыдзень, у Вільню – 8.Усяго ў зімовым сезоне плануецца павелічэнне частаты палётаў па 11 напрамках.
Таксама паведамляецца, што ў новым зімовым раскладзе «Белавія» будзе выконваць чартарныя рэйсы на курорты Егіпта з Менска і абласных аэрапортаў: Берасця, Гародні, Магілёва, Гомеля. Будзе працягнута выкананне чартарных праграм з Менска ў Дубай.