„Белавія” прапануе для транзітных пасажыраў новы сэрвіс — прыпынак у Менску
З новага года транзітныя пасажыры кампаніі „Белавія” могуць скарыстацца пералётам з прыпынкам (стаповерам) у Менску, паведаміла прэс-служба кампаніі.
Паслуга прызначаная для тых, хто, не плануючы асобную паездку ў Беларусь, зможа наведаць Менск. Гэтая опцыя дазваляе пасажырам, якія рухаюцца з перасадкай цераз нацыянальны аэрапорт „Мінск”, зрабіць прыпынак у сталіцы Беларусі на тэрмін ад 24 да 72 гадзін і не праводзіць час у зале чакання да наступнага вылету. Магчымасць дадаць Беларусь у маршрут падарожжа транзітныя пасажыры могуць бясплатна.
Стаповер даступны на адным з участкаў маршруту руху пры куплі квітка туды-назад. Ужо сёння аформіць авіябілет з транзітным прыпынкам у Менску магчыма ў касах „Белавія”, прадстаўніцтвах авіякампаніі за мяжой, а таксама ў агентаў. Зараз вядуцца работы па ўкараненні магчымасці набыцця гэтай паслугі на сайце belavia.by.
„Колькасць транзітных пасажыраў у авіякампаніі „Белавія” пастаянна расце і ўжо складае прыблізна 50%. Мы імкнемся ўдасканальваць паслугі ў адпаведнасці з пажаданнямі і патрэбам нашых кліентаў. Новая опцыя дазволіць пасажырам зрабіць сваё падарожжа больш насычаным і пазнаёміцца з нашай краінай, не павялічваючы пры гэтым выдаткі на авіяпералёт. Мы спадзяемся, што магчымасць наведаць дадатковую краіну падчас запланаванага пералёту будзе запатрабаваная транзітнымі пасажырамі, асабліва ўлічваючы факт бязвізавага ўезду ў Рэспубліку Беларусь для грамадзян многіх дзяржаў. Замежныя турысты змогуць разнастаіць сваё падарожжа знаёмствам з беларускай сталіцай і славутасцямі Беларусі”, — сказаў генеральны дырэктар ААТ „Авіякампанія „Белавія” Анатоль Гусараў.