«Белавія» правяла распродаж квіткоў па 13 напрамках



Авіякампанія «Белавія» правяла распродаж квіткоў на сайце www.belavia.by.

У акцыю былі ўключаныя 13 напрамкаў, у тым ліку Дубай, куды ў гэтую пятніцу авіякампанія здзейсніць свой першы рэгулярны рэйс. За 17 лютага было прададзена больш за тры тысячы месцаў, а самымі папулярнымі напрамкамі сталі Стамбул, Адэса, Кіеў, Варшава і Бялград.

У дзень правядзення акцыі колькасць наведвальнікаў сайта ўзрасла больш чым у пяць разоў: замест стандартных 20 тысяч учора іх колькасць дасягнула больш за 110 тысяч.

Найбольшым попытам у пасажыраў «Белавія» карыстаўся Стамбул. На гэты кірунак было набыта 1 134 месцы. Кошт квітка ў абодва бакі склаў 78 еўра (+ таксы і зборы). Другім па папулярнасці напрамкам стала Адэса з коштам білета 55 еўра (+ таксы і зборы) за палёт туды-назад. На рэйс у Адэсу квіткі купілі 352 чалавекі. У топ-3 па продажах увайшла і сталіца Украіны. Усяго ў гэты горад было набыта 277 месцаў па цане 38 еўра (+ таксы і зборы) за квіток туды і назад. Пяцёрку самых запатрабаваных гарадоў для падарожжа замыкаюць Варшава (272 месцы) і Бялград (253 месцы). Квіткі з Менска ў Варшаву і назад каштавалі 31 еўра (+ таксы і зборы), а ў Бялград — 52 еўра (+ таксы і зборы).

«Колькасць прададзеных білетаў сведчыць аб тым, што людзі засумавалі па распродажы авіябілетаў. Мы і далей маем намер працягваць радаваць пасажыраў акцыямі і спецыяльнымі прапановамі. Дзякуем усiм за актыўнасць і жадаем добрага адпачынку», — пракаментаваў генеральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец.

Важна адзначыць, што ў працэнтных суадносінах па выкупляльнасці квіткоў найбольшай папулярнасцю карысталіся рэйсы ў Дубай (100 % выкупленых месцаў) і Варшаву (100 %). Найменшай папулярнасцю карыстаўся Кішынёў (22 %).

zviazda.by