„Белавія” прыпыняе палёты ў шэраг гарадоў Расеі



У сувязі з прыпыненнем міжнародных авіяцыйных перавозак у шэрагу краін з-за сітуацыі з каранавірусам авіякампанія „Белавія” прыпыняе выкананне палётаў у шэраг гарадоў Расеі.

У прыватнасці, як паведамілі ў прэс-службе беларускага авіяперавозчыка, з 18 сакавіка па 1 траўня „Белавія” не будзе лятаць па наступных маршрутах: Варонеж; Краснадар; Казань; Масква (аэрапорт Жукоўскі); Ніжні Ноўгарад; Растоў-на-Доне; Сочы.

Рэйсы ў Санкт-Пецярбург, Маскву (аэрапорты Дамадзедава і Шарамеццева) і Калінінград пакуль застаюцца.

У сувязі з сітуацыяй на рынку, якая пастаянна змяняецца, „Белавія” просіць правяраць абнаўленні на спецыяльнай старонцы на сайце авіякампаніі.

Вяртанне сродкаў або змяненне даты вылету магчымыя да 31 снежня 2020 года. Для гэтага неабходна звярнуцца ў касы, прадстаўніцтвы авіякампаніі, а таксама ў службу падтрымкі. Змена даты вылету магчымая толькі адзін раз. У пасажыра ёсць некалькі месяцаў абдумаць, калі ён хоча ляцець па гэтым білеце ў наступны раз, адзначаюць у кампаніі.

На сёння поўнасцю або часткова адменены рэйсы „Белавія” ў Азербайджан, Арменію, Бельгію, Вялікабрытанію, Венгрыю, Германію, Грузію, Ізраіль, Італію, Казахстан, Кіпр, Латвію, Літву, Ліван, Малдову, Польшчу, Расею, Сербію, Туркменістан, Украіну, Швейцарыю, Швецыю, Фінляндыю, Францыю, Чэхію, Эстонію. Падрабязная інфармацыя аб адмененых рэйсах публікуецца на сайце авіякампаніі.

belapan.by