„Белавія” прыпыняе палёты ў сталіцы Азербайджана і Лівана



„Белавія” прыпыняе палёты ў сталіцы Азербайджана і Лівана — Баку і Бейрут, паведамілі ў прэс-службе авіякампаніі.

„У сувязі з прыпыненнем міжнародных авіяцыйных перавозак у шэрагу краін з-за сітуацыі з каранавірусам авіякампанія „Белавія” прыпыняе выкананне палётаў у Баку — з 15 сакавіка па 15 красавіка; Бейрут — з 19 сакавіка па 29 сакавіка”, — адзначылі ў авіякампаніі.

Раней 16 сакавіка „Белавія” паведаміла аб прыпыненні палётаў у сталіцы Малдовы і Латвіі — Кішынёў і Рыгу. У сувязі з пастаяннай зменай сітуацыі „Белавія” просіць правяраць абнаўленні на сайце авіякампаніі аб скасаваных рэйсах у сувязі з эпідэміяй каранавіруса COVID-19.

Вяртанне сродкаў або змяненне даты вылету магчымыя да 31 снежня 2020 года. Для гэтага неабходна звярнуцца ў касы, прадстаўніцтва авіякампаніі, а таксама ў службу падтрымкі. Змена даты вылету магчымая толькі адзін раз. У пасажыра ёсць некалькі месяцаў абдумаць, калі ён хоча ляцець па гэтым білеце ў наступны раз, адзначаюць у кампаніі.

На сёння поўнасцю або часткова адмененыя рэйсы „Белавія” ў Азербайджан, Арменію, Бельгію, Венгрыю, Вялікабрытанію, Германію, Грузію, Ізраіль, Італію, Казахстан, Кіпр, Латвію, Літву, Малдову, Польшчу, Расею, Сербію, Туркменістан, Украіну, Швейцарыю, Швецыю, Фінляндыю, Францыю, Чехію, Эстонію. Падрабязная інфармацыя пра адмененыя рэйсы публікуецца на сайце авіякампаніі.

belapan.by