„Белавія” ў лютым пачне выконваць рэгулярныя рэйсы з Менска ў Дубай



Авіякампанія „Белавія” 19 лютага пачне выкананне рэгулярных прамых рэйсаў з Менска ў Дубай (ААЭ).

Як паведамляе прэс-служба авіякампаніі, палёты са сталіцы Беларусі будуць выконвацца два разы на тыдзень па аўторках з вылетам у 19.50 і прыбыццём у сераду ў 02.30 і па пятніцах з вылетам у 16.15 і прыбыццём у 22.55 у міжнародны аэрапорт Дубай (DXB). Рэйсы з Дубая плануецца ажыццяўляць па серадах з вылетам у 03.30 і прылётам у 08.40 і па пятніцах з вылетам у 23.55 і прылётам у суботу ў 05.05 у нацыянальны аэрапорт Мінск (MSQ). Час для ўсіх аэрапортаў названы мясцовы.

Мінімальны кошт авіябілетаў у адзін бок — 216 еўра (тарыф LIGHT — без багажу), уключаючы таксы і зборы, і 375 еўра (тарыф LIGHT — без багажу) — туды-назад. Квіткі ўжо даступныя ў продажы.

Рэйсы ў Дубай будуць выконвацца на новым авіялайнеры Embraer 195-E2, разлічаным на 125 пасажыраў. Пры павелічэнні пасажырапатоку можа быць выкарыстаны Boeing 737-800 на 189 пасажыраў.

Пры рэгістрацыі на рэйс і пасля прыбыцця ў Дубай пасажырам неабходна будзе паказаць даведку з адмоўным вынікам ПЛР-тэсту на англійскай ці арабскай мове, атрыманую не раней за 72 гадзіны да вылету. Пасля прылёту пасажыры абавязаныя прад`явіць медыцынскую страхоўку на ўвесь перыяд знаходжання ў ААЭ, якая пакрывае выдаткі на лячэнне ад каранавіруснай інфекцыі, запоўніць анкету аб стане здароўя. Некаторых пасажыраў могуць папрасіць здаць ПЛР-тэст у аэрапорце па прылёце ў Дубай і прайсці самаізаляцыю да атрымання вынікаў тэсту. Усе пасажыры, якія прыбываюць у Дубай, павінны ўсталяваць мабільны дадатак COVID-19 — DXB Smart App.

Нагадаем, што з 16 студзеня 2021 года грамадзяне Беларусі могуць уязджаць, выязджаць і ехаць транзітам праз тэрыторыю ААЭ, а таксама знаходзіцца на тэрыторыі ААЭ без віз (не больш за 90 дзён з даты ўезду). Такія ж умовы дзейнічаюць і для грамадзян ААЭ на тэрыторыі Беларусі.

belapan.by