„Белавія” ў найбліжэйшы час выканае некалькі рэйсаў у Італію
„Белавія” ў найбліжэйшы час выканае некалькі рэйсаў у Італію. Такое рашэнне прынята „з мэтай задавальнення попыту пасажыраў на пералёты паміж Рэспублікай Беларусь і Італіяй па працоўных і асабістых прычынах”, паведамілі ў авіякампаніі.
У Італію дазволены ўезд яе грамадзянам, людзям, якія маюць доўгатэрміновы від на жыхарства, па дыпламатычных пашпартах і дазволены ўезд па працы, калі ёсць пісьмовае пацвярджэнне работадаўцы. Уезд грамадзян іншых дзяржаў забаронены.
„Белавія” выканае:
– рэйс B2 885 па маршруце Мінск — Рым 17 красавіка, 24 красавіка і 1 мая; вылет з Мінска ў 09.45, прыбыццё ў Рым у 11.40 (час мясцовы);
– рэйс B2 886 па маршруце Рым — Мінск 17 красавіка, 24 красавіка і 1 мая; вылет з Рыма ў 12.40, прыбыццё ў Мінск у 16.35 (час мясцовы);
– рэйс B2 881 Мінск — Мілан 2 траўня; вылет з Мінска ў 10.15, прыбыццё ў Мілан у 12.00 (час мясцовы);
– рэйс B2 882 Мілан — Мінск 2 траўня; вылет з Мілана ў 12.50, прыбыццё ў Мінск у 16.30 (час мясцовы).
„Белавія” звяртае ўвагу, што колькасць рэйсаў у траўні скарочаная, і просіць адсочваць інфармацыю на сайце авіякампаніі.
Беларускі авіяперавозчык прыпыніў выкананне рэйсаў у Рым і Мілан у сярэдзіне сакавіка з-за сітуацыі з каранавірусам COVID-19. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі ў Італіі заразіліся больш за 165 тысяч чалавек, 38 тысяч ачунялі, 21.645 пацыентаў памерлі.
belapan.by